BosaeSonca ўзышло над зямлёю
2151 / 0
03.04.2014

BosaeSonca ўзышло над зямлёю

У пятым туры чарту альбомаў зь велічэзным адрывам перамогу атрымаў рэліз «Zalaty» гурта BosaeSonca. Музыкі з гэтай нагоды выказалі спадзеў, што віртуальнае прызнаньне публікі ўвасобіцца ў жывых слухачах на канцэртах, якіх у красавіку будзе два.

«Zalaty» перамог без варыянтаў, набраўшы за тур галасаваньня 311 галасоў. У альбомаў гуртоў Sciana і Kriwi, якія падзялілі другое месца, па 161. Лідэр каманды Алесь Кот-Зайцаў прызнаецца, што перамагаць безумоўна прыемна, але тут жа папраўляецца: «З большым задавальненьнем назваў бы гэта вельмі прыемнай адзнакай і прызнакам неабыякавасьці з боку слухачоў. Бо перамагаюць кагосьці і перамога гэта заўжды вынік змаганьня. А мне зусім ня хочацца зараз ні барацьбы, ні перамогаў, асабліва цяпер, у гэтыя часы». Выканаўца адзначае, што ён разам з музыкамі трохі зьдзівіўся такому выніку, бо аніяк на яго не ўплываў. Алесь сам за сябе не галасаваў ды іншых не заклікаў: «Мы ніяк ня ўзьдзейнічалі на сытуацыю, нават не заахвочвалі галасаваць прыхільнікаў у сацсетках. Таму вынік крыху нечаканы. Хочацца верыць, што гэта і ёсьць чыстае прызнаньне публікі, а яшчэ больш хочацца верыць, што яно ўвасобіцца ў жывых слухачоў на нашых канцэртах».

Цікавая сытуацыя складаецца ў наступным туры галасаваньня. У чарт трапіў яшчэ адзін альбом гурта BosaeSonca «Адпусьці», які таксама выйшаў летась. «Прыемна, што ў новым туры галасаваньня BosaeSonca ўтварае свайго роду ўнікальную сітуацыю, калі ў адным чарце прадстаўлена адначасова два альбомы аднаго і таго ж выканаўцы. Заўжды ж прыемна рабіць нешта ўнікальнае, няхай сабе і выпадкова», — пасьміхаецца з гэтай нагоды музыка.

Рэальную павагу да творчасьці гурта BosaeSonca можна засьведчыць у Менску ажно двойчы на месяц. 8 красавіка каманда Алеся Ката-Зайцава грае на запрашэньне Паліны Рэспублікі ў «Мулен Руж», а на 27 красавіка ў клюбе «Таранціна» заплянаваны іх вялікі сольны канцэрт, дзе прагучыць амаль што цалкам, як альбом «Zalaty», так і «Адпусьці».

Tuzin.fm