«Нафта»: «Будучыня ёсьць!»
2207 / 0
25.03.2014

«Нафта»: «Будучыня ёсьць!»

Песьня «Пажар-піяр» праекту «Нафта» стала пераможцам 10-га туру ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. Уладзімер Пугач з гэтай нагоды: «Такая падтрымка безумоўна натхняе на працяг!»

«Мы напраўду перамаглі? Ура-а-а!» — Уладзімер Пугач на навіну пра перамогу «Нафты» на «Тузіне» адрэагаваў эмацыйна. У 9-м туры яго песьня «Пажар-піяр» у двубоі з «Насыпаць горы» гурта Tonqixod саступіла прыступку лідэра, затое ў наступным туры трымала першае месца ўсе два тыдні галасаваньня. «Заўжды кажу ў такіх выпадках, што прыемна ўдзельнічаць найперш, а не перамагаць, бо гіт-парады ўсё ж не спартовае спаборніцтва», — зазначае лідэр «Нафты» і дадае: «Але такая падтрымка безумоўна натхняе на працяг, дзякуй усім, хто галасаваў за нас!»

Пугач кажа, што «Нафта» — праект доўгатэрміновы і мае будучыню. Цяпер частка яго ўдзельнікаў занятыя запісам новага альбому «J:морс» (рэліз яго плянуецца на восень 2014 году), а потым прысьвецяць час «Нафце». «Па-сутнасьці ў адносінах да гэтага праекту мы пакуль і не прыкладалі ніякіх высілкаў у сэнсе яго прома. Мы аддаем сабе справаздачу, што гэта некамэрцыйны праект і тое, што прапановы выступіць будуць вельмі рэдкімі», — кажа музыка. Пакуль «Нафта» мае EP, але матэрыялу для поўнафарматнага альбому ў іх ужо стае. Папярэдне выданьне дэбютнага альбому праекту Пугача/Мышкевіча/Трацяка/Старажука заплянавана на вясну 2015 году. З гэтага часу, як кажа Пугач, яны ўжо возьмуцца за «Нафту» па-даросламу.

SB, Tuzin.fm