«Засьпявай BY»: прысьпеў час ствараць новую клясыку!
7622 / 4
12.03.2014

«Засьпявай BY»: прысьпеў час ствараць новую клясыку!

Партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» пры падтрымцы парталу Tut.by абвяшчаюць конкурс для маладых выканаўцаў. Галоўны прыз — аранжыроўка, запіс у студыі ў Менску і зьвядзеньне песьні гукарэжысэрам гурта «Океан Ельзи» і саўндпрадусарам «Ляпіса Трубяцкога» Уладам Яруном.

Да ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай BY: усё для старту!» запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросьце 15—25 гадоў уключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост усіх удзельнікаў ня мусіць перавышаць азначаны цэнз. Музыкам прапаноўваецца абраць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і прасьпяваць яго ва ўласнай манеры. Музыка павінна быць аўтарская, сьпевы на чужую музыку і кавэр-вэрсіі не прымаюцца.

«Мы хочам даць шанец выявіць сябе таленавітым маладым асобам і прадаставіць ім магчымасьць для годнага старту. Мы хочам, каб моладзь прасякалася і натхнялася добрай беларускай паэзіяй. Каб маладыя людзі адкрылі для сябе беларускі космас ды падзяліліся сваім адкрыцьцём з усімі», — кажуць завадатары конкурсу мэцэнат Павал Бераговіч і кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.

Песьня павінна быць запісана ўжывую ў рок-стылістыцы ў яе шырокім разуменьні (поп-рок, брыт-поп, бард-рок, інды-рок, арт-рок, джаз-рок). Дасланыя кампазыцыі разгледзіць журы, складзенае з маладых і пасьпяховых творцаў, а таксама аўтарытэтных паэтаў і музыкаў. У склад журы ўвойдуць: сьпявачка Паліна Рэспубліка, Віктар Рудэнка (сьпявак, кампазытар, лідэр гурта Rostany), музыка і актор Vinsent, Алесь Кот-Зайцаў (вакаліст гуртоў BosaeSonca, Fridance), Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурта Tonqixod), Віталь Рыжкоў (паэт), Алесь Дземідзенка (Re1ikt), Рома Жыгараў (Akute), Алег Хаменка (старшыня журы), Улад Ярун (старшыня журы).

У заяўку з пазнакай «Засьпявай BY» неабходна ўкласьці:

  1. Анкету з пазнакаю: імя і прозьвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон удзельніка. Калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца зьвесткі ўсіх яго ўдзельнікаў. 
  2. Дэма-запіс адной (!) песьні ў аўдыё-фармаце слухабельнай якасьці.
  3. Фотаздымак выканаўцы ці гурта.

Прымаем заявы на e-mail: 12tuzin@gmail.com да 1.05 уключна

Падвядзеньне вынікаў адбудзецца да 14 траўня 2014 году. Імёны пераможцаў будуць абвешчаныя на сайце суарганізатараў конкурсу — парталу Tut.by i Tuzin.fm, а таксама на рэсурсах інфармацыйных партнэраў праекту.

Пераможца атрымліваюць у якасьці прызу Гран-Пры «Стартавы пакет», у які ўключаны:

— Аранжаваньне, запіс у студыі ў Менску і зьвядзеньне песьні Ўладам Яруном (гукарэжысэр «Океан Ельзи», саўндпрадусар гурта «Ляпіс Трубяцкі») пры ўдзеле прафэсійных музыкаў

— Прэм’ера песьні ў выглядзе інтэрнэт-сынглу на рэсурсах-партнэрах праекту

— Рассылка па беларускіх радыёстанцыях

— Магчымасьць прадставіць песьню ўжывую на адным з канцэртаў у Менску

Адмысловы прыз журы: прафэсійны камплект абсталяваньня пачатковага ўзроўню Focusrite Scarlett Studio. Па рашэньні арганізатараў ўдзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі.

Прысьпеў час ствараць новую клясыку!

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    12.03.2014 / 17:34

    Суполка конкурсу ЎКантакце
    https://vk.com/zaspiavaiby

  • Muzagent / адказаць
    31.03.2014 / 19:42

    Так...
    Мэцэнат Павал і кіраўнік Сяргей!
    Падкажыце, калі ласка, дзе адшукаць гэтыя самыя вершы, гэтых самых паэтаў?
    Шчыра кажу: на працягу пяці гадоў намагаюся адшукаць вершы Беларускіх паэтаў, каб напісаць песню.
    Здаецца, што гэтыя паэты хаваюцца глыбока недзе там... Урэшце ўзяў вершы Яўгеніі Янішчыц "Ты пакліч мяне, пазаві..."
    ДЗЕ ВЫ, ПАЭТЫ??? ДЗЕ ВАШ САЙТ, ці што там?

  • Kh.D. / адказаць
    31.03.2014 / 23:18

    Вершы можна знайсьці тут - http://litradio.by/, http://budzma.by/category/chorna-byelyya-vyershy, http://vershy.ru/, http://kamunikat.org/ , http://lit-bel.org/

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    24.04.2014 / 12:03

    Сьпяшайцеся, да канца прыёму заяваў застаўся тыдзень!

  • КАМЕНТАВАЦЬ