Краса і сіла беларускага року адкажа «Песьнярам»
3454 / 0
11.03.2014

Краса і сіла беларускага року адкажа «Песьнярам»

Партал Tuzin.fm разам з фондам «Вяртаньне» і кампаніяй «Будзьма беларусамі!» абвяшчаюць пра пачатак праекту «Re:Песьняры». 12 беларускіх выканаўцаў розных жанраў запішуць свае вэрсіі абраных песень ансамблю «Песьняры».

Праект «Re:Песьняры» прымеркаваны да 45-годзьдзя заснаваньня «Песьняроў». У верасьні 1969 году калектыў пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна на рашэньне мастацкай рады пры філярмоніі атрымаў права звацца «вакальна-інструмэнтальным ансамблем», з гэтай падзеі прынята афіцыйна адлічваць гісторыю гурта. «Гэты юбілей — добрая нагода паказаць наколькі „Песьняры“ паўплывалі на беларускую сучасную музыку. „Re:Песьняры“ — справаздача музыкаў новага пакаленьня, іх своеасаблівы адказ і водгук на тое, што зрабілі Мулявін з кампаніяй», — кажа кіраўнік праекту Сяргей Будкін. Да ўдзелу ў праекце запрошаныя менавіта тыя музыкі, на якіх творчасьць «Песьняроў» рэальна паўплывала. Сярод тых, хто запіша свае вэрсіі песень беларускага ВІА, краса і сіла беларускай альтэрнатыўнай сцэны — гурты Akute, Tonqixod, Re1ikt, Dzieciuki. Арыгінальных вэрсіяў знакамітых песень можна таксама чакаць ад Зьмітра Вайцюшкевіча, Сяргея Пукста, гурту «Палац» ды іншых.

Трыб’ют «Песьнярам» мае статус афіцыйнага. Яго ідэю падтрымаў беларускі дзяржаўны ансамбаль «Песьняры» — пераемнік калектыву пад кіраўніцтвам Мулявіна. «Вельмі радуе, што маладыя музыкі памятаюць творчасьць „Песьняроў“. Важна і істотна тое, што не губляецца сувязь між пакаленьнямі і тыя клясычныя творы працягваюць натхняць новае пакаленьне. Нам будзе неймаверна цікава паслухаць тое, што атрымаецца ва ўдзельнікаў гэтага праекту і мы парадуемся сьвежым і цікавым музычным рашэньням клясычнага рэпэртуару», — кажа мастацкі кіраўнік БДА «Песняры» Вячаслаў Шарапаў. Вэрсіі песень, запісаных для трыб’юту «Re:Песьняры», перад выданьнем паслухае таксама кампазытар Ігар Лучанок, які заўжды рады даць маладым музыкам карысныя парады.

Рэліз праекту «Re:Песьняры» на CD і ў лічбавым фармаце прызначаны на восень 2014 году. На верасень заплянавана таксама канцэртная прэзэнтацыя.

Праект «Re:Песьняры» рэалізуе партал Tuzin.fm, зарэгістраваны ў Беларусі дабрачынны фонд «Вяртаньне» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Натхненьне на праект дала газэта «Культура» і асабіста яе галоўны рэдактар Сяргей Трафілаў.

Tuzin.fm