Tonqixod: шах і мат
1585 / 0
10.03.2014

Tonqixod: шах і мат

«Насыпаць горы» ад гурта Tonqixod другі раз запар перамагла ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

Калі яшчэ першую перамогу ў чарце на Tuzin.fm можна палічыць за шчасьлівы зьбег абставінаў, то другая — гэта ўжо яўнае сьведчаньне таму, што наведнікі нашага парталу песьню прынялі ды палюбілі. «Насыпаць горы» ад гурта Tonqixod ізноў апынуўся на пазыцыі лідэра па выніках галасаваньня ў 9-м туры. Але самі музыкі сьціпла зазначаюць, што не называлі б такі віртуальны посьпех заканамернасьцю, хутчэй усё ж прыемнай выпадковасьцю. І аддаюць сабе справаздачу ў тым, што ў 10-м туры давядзецца хутчэй за ўсё саступіць першае месца. Tonqixod спадзяецца, што з дапамогай чарту, сёй-той адкрыў для сябе гэты гурт і завітае на іх жывыя выступы.

У сакавіку Tonqixod плянуе выступіць напаўакустычна ў Полацку і Віцебску, а таксама ў Менску (28-га, у «Графіці»). Акром таго, гурт працуе ў студыі. Клявішнік і вакаліст каманды Макс Субач кажа, што неўзабаве яны скарыстаюцца прызам ад студыі «Осмос», які атрымалі на прэміі «Эўрарадыё», як «Дэбют-2013». «Ёсьць вялікая доля імавернасьці, што гэта будзе паўнавартасны альбом, а магчыма, EP», — дадае Макс. А вакаліст Уладзь Лянкевіч кажа, што ўжо заблытаўся дзе мяжа між ЕР і вялікім альбомам. Прынамсі, сынгл наперад мы пачуем ужо ў самы бліжэйшы час.

«У астатнім мы знаходзімся ў пэрманэнтнай дэпрэсіі з нагоды бясплённасьці і бессэнсоўнасьці нашай гаротнай і нікчэмнай дзейнасьці, затое вось сонейка ў вакно засьвяціла і я ўжо на ровары пачаў езьдзіць пасьля сьпячкі», — усьміхаецца Ўладзь.

Tuzin.fm