Nizkiz экранізуюць «Гуантанаму» і выдаюць альбом у 3plet
5234 / 1
10.02.2014

Nizkiz экранізуюць «Гуантанаму» і выдаюць альбом у 3plet

Другая перамога ў аўдыёчарце на Tuzin.fm супала ў гурта зь яшчэ адной прыемнасьцю. «Гуантанама» прызананая сынглам году на прэміі «Даём рады».

Беларускамоўны дэбют магілёўскага гурта Nizkiz адбыўся ў «Тузіне» ў 4-м туры. «Гуантанама» адразу ж перамагла ў чарце. Наступныя шэсьць тыдняў кампазыцыя не пакідала ліку лідэраў і ў кожным туры прэтэндавала на тое, каб паўтарыць свой посьпех. У сёмым туры яна ізноў апынулася на самым версе чарту. Музыкі зь цікавасьцю сачылі за разьвіцьцём падзеяў на Tuzin.fm. «Гэты тур апынуўся дастаткова моцным, да апошняга мы не маглі вырвацца ў лідэры. А новы, мяркую, будзе яшчэ больш мацнейшым. І гэта добрая тэндэнцыя. Мне здаецца гэта наступства нарастаючага інтарэсу да чарту», — кажа ўдзельнік гурта Дзьмітры Халяўкін.

Так супала, што «Гуантанама» ў дзень перамогі на «Тузіне» была прызананая сынглам году на прэміі «Даём рады». Так што музыкі натхнёныя ўдвая. Яны ўжо казалі раней пра жаданьне зьняць кліп на гэты твор. Цяпер прапрацоўваецца ідэя і плянуюцца здымкі, папярэдне яны пройдуць у сакавіку. Праўда рэжысэра кліпа пакуль не знайшлі.

Акром таго, Nizkiz мяркуе ўвесьці ў рэпэртуар яшчэ дзьве песьні па-беларуску. Адну зь іх пад назвай «Паветра» музыкі прадставілі якраз падчас свайго сэту на «Даём рады». У ідэале плянуецца запісаць адразу дзьве кампазыцыі пры дапамозе саўндпрадусара Яўгена Сухавея.

У лютым — сакавіку гурт досыць актыўна канцэртуе. Найбліжэйшыя канцэрты — у Берасьці і Гомелі. Музыкі таксама рыхтуюцца да фэстывальнага сэзону.

Акром таго, неўзабаве будзе даступны альбом гурта ў фармаце 3plet. І падобнае на тое, што Nizkiz будуць першымі, хто зробіць гэта ў Беларусі.

Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: