Экспэрт Tuzin.fm Павал Юрцэвіч: «Прэч туга!»
2054 / 0
05.02.2014

Экспэрт Tuzin.fm Павал Юрцэвіч: «Прэч туга!»

Кіраўнік ТА «Осмос» цешыцца з той нагоды, што беларускія музыкі выходзяць з вузкага нярадаснага кола вострасацыяльна-палітычных тэмаў ды тужлівай рэфлексіі ў зьвязку з гэтым.

Перш найперш хачу павіншаваць «Тузін» зь вяртаньнем, з новым сайтам і фарматам! «Тузін» стаў глябальней ды інфарматыўней — ну, з пашырэньнем!

Песенны чарт у студзені парадаваў разнастайнасьцю жанраў і сэнсаў. Цешыць рознатэм’е, якое натхняе артыста на стварэньне песень. Мы выходзім з вузкага нярадаснага кола вострасацыяльна-палітычных тэмаў ды тужлівай рэфлексіі ў зьвязку з гэтым.

Мы лічам важным сьпяваць пра простыя, ня толькі пачуцьці — нават проста адчуваньні. Маю тут на ўвазе S°unduk — С.Н.Д., сьветлую, мэлянхалічную песьню, якую выдатна выканала Ганна Хітрык, а таксама «Наскрозь» Akute. Нават калі выконваюцца тыя самыя вострыя-ітакдалей песьні, то зьяўляецца пазытыў, пэўнасьць у пераадоленьні ўсіх праблемаў, і пры гэтым накал і нэрв нікуды не падзеліся! (Nizkiz, Dzieciuki, «Палац», Pomidor/off, тут зусім богі ўсіх сусьветаў аб’ядноўваецеся). Паасобныя адэпты змрочнай цяпершчыны засталіся, куды ж бязь іх — Gods Tower, гэта ж клясыка. Але збольшага адчуваньне безвыходнасьці зьнікла.

Прызнацца, што куды лягчэй пераносіць студзеньнскія –20 пад песьню «Лета» Паліны Рэспублікі. ili, вось падавалася б — гром грыміць, кусты трасуцца, а мы граем клёвы фанк і да, там «Сэрцы» б’юцца! А можам і ў працяг прыказкі засьпяваць пра «Сэкс» («Ойра»): у прынцыпе, даволі ідыёцкая песенька, але вясёлая, з патасам рыцара і дуркаю панка.

Так што мы сапраўды можам ляцець, як «Вецер» («Пані Хіда») ды «Горы» зьвярнуць, ці «Насыпаць» прынамсі (Tonqixod), цікавы, дарэчы, калектыў, дужа.

Хаця кроплю смуроду ўсё ж падкіну, а тое мёдам сышоў. На працягу ўсяго чарту не патрапіўся мне гіт, на жаль. А можаце ж, чарцякі!:)

Пра альбомы…

Пра альбомы хай experty.by пішуць. Не магу сказаць, што я цалкам задаволіўся тым раскладам месцаў, якія атрымаўся. Але ўсё ня так ужо і крытычна. Хаця BosaeSonca на мой поляд павінны былі бы быць павышэй, як і Ірэна Катвіцкая (але тут мяне можна зьвінаваціць у прадузятасьці, так што маўчу, маўчу). Ну і пазыцыя N.R.M. крыху дзівіць (так-так, маўчу таксама).

Відэа

З кліпамі агулам такая ж сытуацыя, як і з альбомамі. Спрачацца з выбарам галасавальнікаў ня буду, заўважу толькі некаторыя моманты. Я бы як мінімум памяняў месцамі ролік «Вера, надзея, любоў» Лявона Вольскага і Ганны Хітрык з ролікам Вінсэнта «Ні кроку назад». Таму што як першы — гэта зусім някепскі варыянт старой ідэі. Някепскі ва ўсіх сэнсах. А другі — гэта тое самае востра-ітакдалейзадзяўбло. Можна пра гэта пагутарыць, але ня тут, тэлефануйце, калі шо:).

Вось уласна і ўсё, што хацеў сказаць з нагоды студзеньскага галасаваньня на «Тузіне». Я сьвядома нікога ні з кім не параўноўваў, бо гэта сьлізкая дарожка, зрэшты тут і так да мяне ўжо ўсіх перапараўноўвалі. Мне было цікава разгледзіць сэнсы дадзеных тварэньняў, і яны мяне задаволілі. Мы сталеем, і дзякуй богу! Усё так.

Павал Юрцэвіч, для Tuzin.fm

Павал Юрцэвіч — музыкант, гукарэжысэр, прадусар, кіраўнік студыі і творчага аб’яднаньня «Осмос»

Нарадзіўся 29.05.1972 у Менску. Скончыў Інстытут культуры па спэцыяльнасьці «артыст аркестру, выкладчык па клясе трубы» (1997). Удзельнік гурта Ы-Ы-Ы (1991—1995), працаваў у прадусарскім цэнтры «Мэджык Арт», у 2003 заснаваў творчае аб’яднаньне і студыю гуказапісу «Осмос», кіраваў студыяй «Меццо фортэ» (2006). Мэнэджар альбому «Умные вещи» Neuro Dubel (1995), альбому рэміксаў «Коміксы» на песьні Neuro Dubel (2003), прадусар складанкі «Басовішча-2006», трайнога CD-трыб’юту Васілю Шугалею і гурту Ы-Ы-Ы «Васька Ж.Ы.В.» (2010). Сузаснавальнік першай прафэсійнай музычнай прэміі «Рок-Профі» (2013). Удзельнічаў у запісе альбомаў гуртоў «Серебряная свадьба», Rockerjoker, Макса Івашына, The UNB ды іншых.