«А ты ехаў» ад By Cry — найлепшы кліп сэзону на TuzinFM (відэа)
428 / 0
17.08.2019

«А ты ехаў» ад By Cry — найлепшы кліп сэзону на TuzinFM (відэа)

Кліп Аляксандры Грахоўскай на песьню гурта By Cry «А ты ехаў» стаў найлепшым у сэзоне 2018/2019 паводле выбару наведнікаў TuzinFM.

На званьне найлепшага кліпу сэзону прэтэндавалі ажно чатыры працы By Сry. Каманда Аляксандры Грахоўскай надзвычай прадуктыўная ў гэтым пляне. Другое месца заняла іх жа праца «На калінавым масьце», а тройку лідэраў замкнула відэаўвасабленьне песьні «Годзе» гурта Brutto рэжысэра Дзьмітрыя Аўдзеева.

«Нам вельмі прыемна перамагчы ў мэгатуры менавіта з гэтым нэрвовым кліпам, бо для нас ён як фрыкавы молат, які мы выкавалі ў кузьні андэграўнду і запусьцілі ў салодкае возера квітнеючага мэйнстрыму. Молат патоне, а кругі на вадзе застануцца на нейкі час. У пэўным сэнсе гэта перамога і ёсьць нашы кругі на вадзе», — кажа вакалістка гурта Аляксандра Грахоўская, якая зьяўляецца таксама і рэжысэрам кліпа-пераможцы. З кліпаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні яна вылучыла згаданую працу Brutto, а таксама відэатворчасьць Піліпа Беспамылковага і «Варажэю» Irdorath.

Неўзабаве By Cry зладзіць прэзэнтацыю рэміксу на песьню «Ай, бяда» аўтарства ўкраінскага саўндпрадусара Andi Vax (Андрэя Вахненкі) і працягвае працу над новымі трэкамі. Сачыць за творчасьцю гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM