Без маралізму і асуджэньня. Кліп пра цёмны бок By Cry перамог (відэа)
340 / 0
04.06.2019

Без маралізму і асуджэньня. Кліп пра цёмны бок By Cry перамог (відэа)

Кліп Аляксандры Грахоўскай на песьню «Ведзьміны вочы» стаў найлепшым у 4-м туры галасаваньня ў відэачарце на TuzinFM.

Цягам галасаваньня відэа «Ведзьміны вочы» набрала 519 галасоў і на 84 галасы апярэдзіў кліп гурта Atesta «Па вадзе». Рэжысэрка і вакалістка By Cry Аляксандра Грахоўская заўважае, што падтрымка ў галасаваньні і перамога ў відэачарце вельмі важныя для разьвіцьця гурта, бо такім чынам музыкі атрымліваюць зваротную сувязь і адбываецца згуртаваньне каманды прыхільнікаў: «Гэтым кліпам мы пазнаёмілі ўсіх зь цёмным бокам нашага гурта, так бы мовіць, агалілі сваё калектыўнае падсьвядомае, абнародавалі недаступныя звычайнаму ўспрыманьню нашы глыбокія таямніцы і вельмі прыемна, што прыхільнікі прынялі такую форму шчырасьці без маралізму і асуджэньня», — заўважае Аляксандра.

Удзельнікі гурта By Cry кажуць, што заўсёды сочаць за галасаваньнем, бо іх цікавiць ня толькі творчая, але i камунікатыўная частка жыцьця іншых выканаўцаў, наколькі актыўныя іх прыхільнікі ў сваёй падтрымцы, наколькі шчыльнае ўзаемадзеяньне паміж слухачом і артыстаў. Аляксандра Грахоўская вылучае зь відэачарту ролік нястомнага Лявона Вольскага «Апэрацыя адукацыя», а таксама сьмелую, вострую і актуальную працу Піліпа Беспамылковага «Беларусь».

Цяпер гурт рыхтуе адразу дзьве навінкі — арт-відэа ад Piligrym Studio, а таксама прэм'еру рэміксу на песьню «Ай, бяда» аўтарства ўкраінскага саўндпрадусара Andi Vax (Андрэя Вахненкі). За навінамі каманды можна сачыць праз афіцыйную суполку.

TuzinFM