Лэйбл «БМА group» аднаўляе дзейнасьць (+конкурс і топ-12 песень пра Каліноўскага)
279 / 0
11.04.2019

Лэйбл «БМА group» аднаўляе дзейнасьць (+конкурс і топ-12 песень пра Каліноўскага)

Знакавы беларускі лэйбл заявіў пра старт кампаніі «Uzajemna! / Узаемна!», прысьвечанай Кастусю Каліноўскаму. У яе межах пройдзе конкурс на найлепшае лёга, літаратурны конкурс, выданьне складанкі і фэстывалі.

Лэйбл «БМА group» з канца 1990-х гг. актыўна займаўся выданьнем беларускай музыкі, правядзеньнем канцэртаў і фэстываляў з удзелам беларускіх музыкаў. У 2014 годзе ягоная дзейнасьць фактычна згарнулася, калі было вырашана спыніць выданьне дыскаў. Апошні дыск, які выйшаў на лэйбле – альбом «Белая вада» гурта «Крама». Усяго ў каталозе 154 дыскі. Апошні праект, ініцыяваны лэйблам –  кампанія «Рок-салідарнасьць» у падтрымку забароненых музыкаў. І вось праз пяць гадоў БМА-груп аднаўляе працу.  «Зьявіліся новыя людзі зь цікавымі ідэямі, таму мы зараз актывізуем дзейнасьць. Але гэта ня значыць, што мы нічым не займаліся ўвесь гэты час. Мы не выпендрываемся, як некаторыя, а спакойна робім сваю справу», – заўважае кіраўнік лэйблу Віталь Супрановіч.

Віталь Супрановіч

Першы праект адноўленага лэйбла прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму. Гэта цэлая кампанія, якая атрымала назву «Uzajemna! / Узаемна!», паводле вядомага пароля паўстанцаў Каліноўскага: « – Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна!».

«Нас зьдзіўляе, што асоба Кастуся Каліноўскага выклікае неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадзтве, а ў замежжы ставяць пад сумнеў беларускае паходжаньне славутага героя. Гэта наш нацыянальны герой, таму яго варта папулярызаваць на ўсіх узроўнях», – кажа Віталь Супрановіч.  

Такім чынам, у межах кампаніі заплянаваныя:

конкурс лягатыпа/малюнка кампаніі. Праца пераможцы будзе надрукавана на ўсёй прадукцыі кампаніі: значакі, цішоткі, дыскі, а таксама на рэклямных матэрыялах (постэры, улёткі ды інш).

Дэдлайн прыёма прапановаў: 1 чэрвеня.

збор музычных твораў ад музыкаў розных кірункаў. Прымаюцца як выдадзеныя кампазыцыі, так і зусім новыя песьні. Найлепшыя творы ўвойдуць у музычную складанку, а выканаўцам будзе прапанаваны выступ на тэматычным фэсьце.

Дэдлайн прыёма заяваў: 1 жніўня.

збор вершаў і іншых твораў, прысьвечаных Кастусю Каліноўскаму. Творы будуць публікавацца на старонцы кампаніі ў сацыяльных сетках. Па дамове музычныя калектывы змогуць выбраць верш для выкананьня.

Дасылаць свае творы можна як да 1 жніўня, так і пасьля гэтай даты.

Інфармацыю дасылаць на скрыню uzajemna2019@gmail.com з пазнакай «Конкурс».

Віталь Супрановіч не выключае, што «БМА group» вернецца да выданьня музыкі на фізычных носьбітах: «Гэты фармат дагэтуль жыве і запатрабаваны, пра што сьведчаць новыя альбомы Лявона Вольскага і Віктара Шалкевіча, якія выйшлі на CD. Лічу, што гэта важна для захаваньня і распаўсюду беларускай музыкі». Цяпер у супрацы з лэйблам рыхтуецца да выданьня альбом Алеся Чумакова «Праўда ў віне». На восень таксама рыхтуецца канцэрт памяці музычных журналістаў Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльгуя, якія шчыльна супрацоўнічалі з «БМА group».

Віталь Супрановіч на пачатку дзейнасьці «БМА group», 1998 год

Неўзабаве на TuzinFM пройдзе афіцыйная рэпрэзэнтацыя першага праекту «БМА group» – «Вольныя танцы» – першай у гісторыі складанкі беларускамоўнай альтэрнатыўнай музыкі, якая пабачыла сьвет 20 гадоў таму.

TuzinFM