Топ-12 песень вясны-2019. Частка 1 (аўдыё)
562 / 0
08.04.2019

Топ-12 песень вясны-2019. Частка 1 (аўдыё)

Традыцыйная падборка ад TuzinFM новых беларускамоўных трэкаў на любы густ — электроніка, поп, мэтал, фольк, рок, індзі, рэп.

Павал Козіч і Ціхан Букраба — Трамвай

Дэбютны трэк творчага дуэту, да запісу якога музыкаў падштурхнуў конкурс «Засьпявай-5», пераможцамі якога яны сталі па выніку. Песьня створаная на словы паэта Антона Рудака. У межах конкурсу музыкі далі свой першы канцэрт і маюць намер працягнуць свае пошукі ў аўтарскай музыцы. Болей пра трэк.

Maximalism — Фрагмэнты

Дэбютны беларускамоўны трэк электроннага праекту зь Менску Maximalism паўстаў у межах конкурсу «Засьпявай-5». Напісаны ён на верш паэткі Ганны Комар. Зь ёй музыкі пазнаёміліся падчас працы над трэкам і настолькі сышліся, што пасьля напісалі яшчэ адну песьню на словы Ганны «Трыпутнік». Паэтка таксама на просьбу музыкаў пераклала некалькі іх ранейшых сынглаў з ангельскай на беларускую. Больш пра трэк.

Раман Волазьнеў — Салёныя сны

Так супала, што трамвай трапіў на вокладку сынглу яшчэ аднаго фіналіста «Засьпявай-5» — Рамана Волазьнева. Ужо досыць вядомы выканаўца вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе, бо зьявілася добрая нагода зьвярнуцца да паэзіі Мікіты Найдзёнава, якую ён вельмі цэніць. У падтрымку сынглу было зробленае таксама лірык-відэа. Болей пра трэк.

Харлі — Цуда-сонца

Гурт Яўгена Чалышава робіць чарговую спробу вярнуцца на сцэну (папярэдняя была два гады таму). Як cказаў аўтар у камэнтары TuzinFM, новы сынгл «Харлі» апявае сям’ю і любоў, а яшчэ ў ім выказваецца ўдзячнасьць зорцы, што столькі гадоў саграе чалавека і дорыць сьвятло. 2 красавіка ў менскім Тэатры эстрады гурт даў сольны канцэрт. Першы за 10 гадоў.

WvovkaM — Дзе ты & Дзе я

Беларускамоўны самотнік праекту музыкі і паэта Ўладзімера Малахава «WvovkaM», які здабыў сабе вядомасьць у сацсетках сьпевамі на вершы Сяргея Ясеніна. «У песьні закранаецца тэма пошуку свайго каханьня, бо ў жыцьці вельмі часта бывае так, што два чалавекі штодня ходзяць побач i не знаходзяць адзін аднаго. Але калі ім наканавана быць разам, то яны абавязкова сустрэнуцца», — кажа выканаўца.

Dziarkač — Зіма

Студыйны праект музыкі Андрэя Дзеркача, які жыве ў Амэрыцы, дзе працуе на радыё «Голас Амэрыкі». Як зазначае аўтар, у ягонага праекту няма аніякай канцавой мэты і нейкага пляну — ён проста запісвае песьні, якія хочуць жыць сваім жыцьцём. Сынгл «Зіма» — першы аўтарскі трэк, які Андрэй вырашыў паказаць на публіку. Акром таго, ён зрабіў аранжыроўку сьпеву «Дапаможа» сваёй бабулі — Соф’і Дзяркач ды ўласную апрацоўку народнай песьні «Чаго ты, лося».

Zło — Plan B

Новы трэк беларускамоўнага рэпэра запісаны ў вобразе жыхара Месяца, які рэфлексуе над тым, што адбываецца ў краіне. «Іншым разам вельмі сьмешна назіраць за ўсімі тымі падзеямі, якія ў вас тут адбываюцца. Надышоў час X, каб паказаць сьвету сваю новую песьню. Усё ідзе зусім ня так, як трэба. Таму я задаю пытаньне: ці ты маеш плян Б?» — кажа выканаўца. Сынглавую вэрсію дапаўняюць яшчэ intro i outro.

Восьмыдзень — Пташко

Новы сынгл віцебскага фольк-рокавага гурта (самавызначэньне стылю — neuro folk). Гэты сьпеў паходзіць зь беларуска-ўкраінскага памежжа. Лідэр каманды Зьміцер Кавалёў кажа, што «Пташко» зачапіла яго сваёй вобразнасьцю: «Птушка — сымбаль загадкавы і магічны. Гэта неба, спадчына сьветлых багоў, а ў некаторым сэнсе і саміх багоў. На вопратцы сымбаль птушкі мог азначаць душу чалавека. А музыка якраз і ёсьць адлюстраваньнем нашае душы».

Atesta — Ц.Р.У.

Новы трэк праекту на чале з 14-гадовай сьпявачкай Ўльлянай Паўловіч завецца ня ў гонар таго, пра што можна падумаць найперш. Ён расшыфроўваецца як «цяжкі ранак Улі». Песьня прысьвячаецца ўсім, хто мае складаныя адносіны з будзільнікам. У падтрымку сынглу зьнятае таксама музычнае відэа.

Incerto — Разьвітаньне

Новы самотнік на прызнаньне саміх музыкаў вельмі асабісты. «Гэтая песьня вельмі шмат значыць для нас і прысьвечаная тым, з кім мы ня зможам ужо дзяліцца добрым ці дрэнным, тым, з кім мы не пасьпелі разьвітацца. Кожны губляе блізкіх яму людзей. Таму гэтаю песьняю мы хочам сказаць: беражыце, шануеце тых, хто побач з вамі, пакуль гэта магчыма», — кажа вакалістка Валянціна Мілеўская.

Znich & Rutvica — Ой, над ракою

Новы трэк мэтал-гурту, запісаны разам з фольк-калектывам лідэр Znich Алесь Таболіч называе ўнікальным, бо такім чынам ягоная каманда яшчэ не гучала — у блэк-мэтал стылістыцы з цалкам аўтэнтычным народным сьпевам (дагэтуль музыкі рабілі ўласныя апрацоўкі фальклёру). У падтрымку сынглу рэжысэр Міхась Аракчэеў зьняў музычнае відэа. Болей пра трэк.

KaS — Мужыкі

«Што можа быць лепей за сустрэчу старых сяброў, якія за добрай ежай і напоямі могуць бясконца згадваць найлепшыя моманты з жыцьця», — кажа лідэр менскай рок-каманды Аляксандар Віскун. Першая нефармальная прэзэнтацыя адбылася на ягоным дні народзінаў, калі «Мужыкоў» выканалі хорам 10 чалавек. Цяпер яна загучала ў поўным гуку.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Топ-12 песень зімы-2019

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM