Неверагодна. Міністар культуры выказаўся супраць забаронаў канцэртаў (+камэнтар рэдакцыі)
1021 / 2
19.02.2019

Неверагодна. Міністар культуры выказаўся супраць забаронаў канцэртаў (+камэнтар рэдакцыі)

Здарылася дзіва. Кіраўнік Мінкульту Юры Бондар заявіў, што забароны канцэртаў нэгатыўна адбіваюцца на іміджы дзяржавы і прапанаваў зьняць усялякія абмежаваньні для клюбных канцэртаў.

Гэтую заяву чыноўнік зрабіў на паседжаньні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 18 лютага. У паседжаньні бралі ўдзел намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі, прадстаўнікі гарадзкіх уладаў, кіраўнікі ўстановаў культуры. Кажучы пра музычную сфэру міністар у прыватнасьці зазначыў, што выдача гастрольных пасьведчаньняў ёсьць сур’ёзнай праблемай.

«Існуючая практыка забаронаў часта нэгатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы і ўладаў (найбольш рэзанансныя забароны канцэртаў папулярных расейскіх рэп-выканаўцаў, а таксама сусьветна вядомай паўднёваафрыканскай групы Die Antwoord). Забароны канцэртаў могуць быць інтэрпрэтаваныя як наяўнасьць выяўленай цэнзуры, адсутнасьць свабоды творчага самавыяўленьня. Адназначна, творчасьць, прапагандуе ўжыванне наркотыкаў, суіцыды, асацыяльны лад жыцьця і т. д., не павінна трансьлявацца са сцэны. У астатніх выпадках магчыма ўжыць больш строгі кантроль у дачыненьні да ўзросту наведнікаў канцэртаў. Акрамя таго, магчыма, варта зьняць усялякія абмежаваньні для канцэртаў, якія праводзяцца ў адносна невялікіх памяшканьнях (клюбах). Відавочна, што такія мерапрыемствы носяць асабліва субкультурны характар ​​і ня могуць нанесьці істотнай шкоды грамадзтву, але іх абмежаваньне або забароны зноў такі могуць быць інтэрпрэтаваныя ў скажоным рэчышчы».

Міністар таксама прызнаў, што ў краіне адсутнічае сыстэмная праца з таленавітымі маладымі выканаўцамі і ня створаныя належныя ўмовы для іх творчай дзейнасьці, у выніку чаго яны становяцца «здабычаю» замежных прадусараў. Чыноўнік прапанаваў стварыць прадусарскі цэнтар па працы з маладымі выканаўцамі на базе Моладзевага тэатру эстрады, аказваць рэклямна-прадусарскую падтрымку канцэртаў беларускіх выканаўцаў у рэгіёнах ды разгледзіць пытаньне аб фінансаваньні конкурсу маладых выканаўцаў у фармаце тэлепраекту.

Цалкам з тэкстам даклада міністра можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры.

Камэнтар TuzinFM

Юры Бондар не сказаў нічога фантастычнага: разгляд творчасьці выканаўцы мастацкім саветам, узгадненьне тэкстаў песень з ідэолягамі і (ня)выдача гастрольнага пасьведчаньня — безумоўна заганная практыка і адназначна трактуецца як цэнзура. Толькі раней чыноўнікі рабілі выгляд, што праблемы няма, даючы адпіскі. І нават у судзе немагчыма было давесьці простую ісьціну, што забароны канцэртаў ёсьць парушэньнем Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду творчага выяўленьня. За час існаваньня забаронаў у Беларусі (фармальны адлік ад 2004 году, але яны здараліся і раней) чыноўнікі ад культуры настолькі зацкавалі дырэкцыю клюбаў і арганізатараў канцэртаў, што цяпер адэкватная ацэнка сытуацыі з боку міністра ўспрымаецца не іначай як цуд.

Між тым, усё тое, пра што кажа спадар Юры цяпер, мусіла быць неад’емнасьцю. Бо канцэрты ладзяцца па ўзгадненьні трох бакоў — арганізатара, пляцоўкі і артыста, чацьверты бок — аддзел ідэалёгіі са сваім мастацкім саветам — тут яўна лішні.

Тая ж відавочная справа і з падтрымкай маладых выканаўцаў — так, іх трэба заахвочваць і дапамагаць з канцэртамі; так, варта зрабіць маштабнае (і не правінцыйнае) талент-шоў. Чаму раней гэтага не рабілася — незразумела.

Але лепей позна, чым ніколі. Будзем спадзявацца, што прапановы міністра будуць эфэктыўна рэалізаваныя на практыцы.

Больш навінаў па тэме забароны канцэртаў у Беларусі — па адмысловым тэгу.

TuzinFM, фота belta.by

КАМЕНТАРЫ:

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    13.03.2019 / 12:54

    Аднак цікавая гісторыя! На сайце Мінкульта прамова міністра на калегіі каторы ўжо дзень адсутнічае, хоць і была. Здаецца, прэс-сакратар міністра атрымала ці не вымову з гэтае нагоды. У газэце "Культура" быў скандал з нагоды цытаваньня міністра. Карацей, суцэльны дэтэктыў! Выглядае на тое, што міністр адносна забароны канцэртаў наогул нічога не казаў.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.03.2019 / 21:31

    Забаўна. Дык адкуль тады гэтыя словы зьявіліся?

  • КАМЕНТАВАЦЬ