«З’яднае нас дарога» — найлепшы альбом зімы-2019 на TuzinFM (аўдыё)
866 / 0
04.02.2019

«З’яднае нас дарога» — найлепшы альбом зімы-2019 на TuzinFM (аўдыё)

Праца гурта «Мерада» перамагла ў другім туры альбомнага чарту на TuzinFM.

Другі студыйны альбом гурта цягам галасаваньня сабраў 516 галасоў, апярэдзіўшы на 113 галасоў альбом гурта :B:N: «#код жыцьця». Перад гэтым, у восеньскім туры ў відэачарце музыкі таксама сьвяткавалі перамогу з кліпам «Срэбны анёл». Стыў і Ганна Крамэры выказваюць падзяку ўсім, хто падтрымлівае іх творчасьць.

«Альбом „З’яднае нас дарога“ складаецца з нашых самых любімых і вядомых песен, якія гучаць на радыё і тэлевізіі, перамагаюць у радыёчартах і якія сьпяваюць разам з намі слухачы на канцэртах. Мы іх граем як у родным Менску, так і ў вандроўках за мяжою. Гэты альбом квінтэсэнцыя нашых самых моцных эмоцыяў за апошнія гады. Таму гэтая перамога не падаецца нам выпадковай. Але яна не атрымалася б бяз нашых слухачоў», — зазначае вакалістка каманды Ганна Крамэр і выказвае падзяку ўсім музыкам, якія ўзялі ўдзел у запісе гэтага дыску і асобна — студыі гуказапісу «Everest Media» і асабіста Паўлу Сінілу.

Сярод іншых удзельнікаў чарту пераможцы вылучылі для сябе новы альбом «Песьняроў» і клясыку, якую зайграла на цымбалах Юлія Глебава.

Сёлета Ганна і Стыў вырашылі ўзяць удзел у адборы на «Эўравізію», але… у складзе іншага, новага гурта. Назвалі каманду «Код каханьня», утвораная яна пры ўдзеле музыкаў з гурта Love Signs. «Гэта наш сьвежы і нечаканы для многіх экспэрымэнт. І стылістычна і па складзе — гэта для нас новы кірунак творчасьці», — кажа Стыў Крамэр. Уласна «Мерада» працу не прыпыняе — ужо ідзе праца над трэцім альбомам. Больш навінаў ад гурта — у афіцыйнай суполцы.

TuzinFM