!OUT: «Альгарытмы» на гастролях (+рэдкія фота й запісы 1969—1971 гадоў)
1409 / 0
10.01.2019

!OUT: «Альгарытмы» на гастролях (+рэдкія фота й запісы 1969—1971 гадоў)

Шалёны тур па Сыбіры з 3—4 канцэртамі на дзень, імправізацыі са знаным нямецкім бубначом на грузінскім курорце, фурор у Іванаве… Віктар Сямашка працягвае дасьледаваць гісторыю аднаго зь першых рок-гуртоў Беларусі.

Найлепшы біт-ансамбль Менску канца 1960-х «Альгарытмы» пакінуў пасьля сябе няшмат ды ня самае лепшае, як прызнаваўся ягоны лідэр-гітарыст Яўген Канавалаў. Пасьля знаёмства са студыйнымі напрацоўкамі піянэраў беларускага біг-біту прапануем засяродзіцца на канцэртных запісах, зробленых ня толькі ў сталіцы.

СЫБІР

Здабыўшы шалёную вядомасьць у Менску праз рэгулярныя танцы ў Менскім радыётэхнічным інстытуце, «Альгарытмы» выправіліся ў першыя гастролі… у Сыбір. Арганізатарам экстрэмальнае паездкі ўзімку 1967-га стаў камсамольскі актывіст Яўген Будзінас (будучы стваральнік комплексу «Дудуткі»). Ён сабраў агітбрыгаду з 13 чалавек, у якую трапілі прадстаўнікі розных навучальных установаў. Акром «Альгарытмаў», там былі акторы, танцоры, сольныя выканаўцы. У гастрольным графіку значыліся шматлікія пункты ад Цюмені да Лабытнангі.

З гастроляў «Альгарытмаў» па Цюменскае вобласьці (1967 год). Пасёлак Сьветлы, лесараспрацоўкі, аэрапорт у Ігрыме

1 лютага 1967 году газэта «Цюменскі камсамолец» піша на першай паласе: «Зводная канцэртная брыгада беларускіх ВНУ прыбыла ў наш нафтавы край, да будаўнікоў Усесаюзнай ударнай. Першыя тры канцэрты — у заводзкіх клюбах Цюмені. Наступныя дзесяць дзён — самалёты, адкінутае неба над бязмоўнай тайгой…»

Менская каманда, сапраўды, перасоўвалася з гораду ў горад на самалётах, аднойчы на гелікоптэры. А па дарозе ў Лабытнангі на лёдзе Абі аўтобус з музыкамі ўрэзаўся ў беларускі бэнзавоз. Добра, той быў пусты, таму абышлося без ахвяраў. Завіталі ажно ў Салехард, які месьціцца за Палярным колам. Самаробнай апаратуры РТІшнікаў, такім чынам, было суджана перанесьці тэмпэратуру -55°С. А выступаць даводзілася ў белых кашулях пры +5°С у актавай залі. Паветра ў памяшканьні сагравалася чалавечым дыханьнем. Паглядзець на беларусаў хацелі ўсе — і ў клюб, разьлічаны на 200 месцаў, публікі ўмяшчалася ўтрая больш.

Агульнае фота менскіх гастралёраў з газэты «Цюменскі камсамолец» (1967 год). Крайні зьлева з гітарай — Яўген Канавалаў, з правага боку —выканаўца цыганскіх песень Ізольда Фральцова

Яўген Будзінас у сваіх падарожных нататках згадвае, што ў суме сыбірскіх канцэртаў было трыццаць, па 3—4 у дзень. Гралі для нафтавікоў, прамыслоўцаў, будаўнікоў, геолягаў і капітанаў паўночных цеплаходаў. Усё рабілася на грамадзкіх пачатках, без ганарараў. Падчас другое, восеньскае паездкі ў Сыбір «Альгарытмам» прыйшлося прадаць гітару, бо папросту не хапала грошай.

Пра гастролі менскіх музыкаў па Сыбіры напісала і газэта «Праўда».

БАКУРЫЯНІ

Пасьля перамогі на Першым фэстывалі біт-ансамбляў Менску ў 1968 «Альгарытмы» выправіліся ў грузінскі курортны горад Бакурыяні. Там ім прапанавалі працу ў міжнародным моладзевым лягеры «Сонечная даліна». Па завядзёнцы выступалі без ганарараў — за харчаваньне й экскурсійную абслугу. Выконвалі, што заўгодна, нават грузінскія мэлёдыі.

Падарунак Яўгену Канавалаву ад дырэкцыі Бакурыянскага лягеру

«Па Грузіі пайшла пагалоска, што ў Бакурыяні можна паслухаць цікавы гурт. Кампазытары з Тбілісі прыяжджалі нас паслухаць. У ліку нямецкай дэлегацыі тады там апынуўся бубнач Гюнтэр Вульф, які працаваў з акторам і сьпеваком Манфрэдам Кругам. Ён папрасіў разам з намі пайграць, сеў за ўдарныя, і мы пачулі штосьці новае ў рытміцы», — распавядае рытм-гітарыст «Альгарытмаў» Пятро Вярлыга.

«Альгарытмы» зь сябрамі ў Бакурыяні (1968 год). Першы зьлева ў верхнім шэрагу Яўген Канавалаў, дзяўчына — сьпявачка Ларыса Лаўрышкова, першы зьлева ў ніжнім шэрагу — Вячаслаў Ксяндзоў, другі — Пятро Вярлыга

Трагедыя прыйшла нечакана. Арганіст «Альгарытмаў» Вячаслаў Ксяндзоў паехаў у Менск раней за іншых здаваць іспыты. І там зьдзейсьніў самагубства з-за разьбітага каханьня — сігануў з высоткі, што стаіць за будынкам Белдзяржфілярмоніі на горцы. Як сьведчыць Вярлыга: «Ксяндзоў быў Джымі Сьмітам №2. Наймацнейшы імправізатар. Ягоная гібель сталася вельмі вялікай стратай для нас. Як ня граеш, а чагосьці не стае». У выніку першы склад біт-ансамблю разваліўся.

ІВАНАВА

Аднак неўзабаве ў «Альгарытмы» ўліўся іншы канкурсант Першага біт-фэсту, гурт «2+2». Тады, як сьведчыў Яўген Канавалаў, пачаўся другі этап у гісторыі ансамблю — гучаньне пацяжэла, зьявіўся шэраг цалкам аўтарскіх песень. Сапраўдны фурор новыя «Альгарытмы» выклікалі ў 1969 годзе ў Іванаве.

Паездку ў расейскі «горад нявестаў» арганізавалі зноў жа па камсамольскай лініі. Менскі радыётэхнічны інстытут прадстаўлялі «Альгарытмы» й тэатар ценяў «Сылюэт». Як кажуць сьведкі, перад асноўным выступам музыкаў павезьлі на экскурсію ў Суздаль. Там у мясцовай рэстарацыі Яўген Канавалаў актыўна ўжываў моцныя напоі. Прытым у запале экспэрымэнтатарства заняўся зьмешваньнем усяго з усім: да прыкладу, рыбны суп зьміксаваў зь медавухай. Таму на зваротным шляху аўтобус мусіў рабіць рэгулярныя прыпынкі. А калі ўжо трэба было пачынаць канцэрт, Канавалава папросту згубілі. Урэшце пошукі далі плён: гітарыста знайшлі сьпячым на раялі пад завалам з вопраткі ды іншых рэчаў. Музыку неяк паставілі на сцэну, але як толькі адчыніліся кулісы, ён паваліўся сьпінай назад разам з гітарай. Пакуль зачынялі кулісы ў залі ўзьнялася авацыя — публіка прыняла тое за арыгінальны камічны ход. Тым часам, Канавалава падперлі маніторам, і ён такім чынам прайграў увесь канцэрт.

«Альгарытмы» ў Іванаве (1969 год). Зьлева направа: Яўген Адстаўноў, Ігар Крупенія (за бубнамі), Генадзь Старыкаў, Уладзімер Бяляеў, далей за кадрам Яўген Канавалаў

Між песьнямі іванаўскія гледачы гучна сьвісталі. Музыкі ня ведалі, як тое ўспрымаць, бо ў Менску сьвіст хутчэй сьведчыў пра нэгатыўную ацэнку. Але мясцовая адміністрацыя патлумачыла беларусам, што цяпер увесь сьвет гэтак сьвісьціць, калі перажывае экстаз ад музыкі. На заключнай кампазыцыі, калі звычайна аб’яўляліся пайменна чальцы «Альгарытмаў», Яўгена Канавалава не маглі стрымаць. Як чуваць на архіўным запісе, маэстра суцішаўся толькі на момантах, калі называлася чарговае прозьвішча калегі: «На гітары — Яўген Канавалаў. Рытм-гітара — Уладзімер Бяляеў. Бас-гітара — Яўген Адстаўноў. Ударныя інструмэнты — Ігар Крупенія, кіраўнік ансамблю. Другая сола-гітара — Генадзь Старыкаў». Але напрыканцы Канавалаў зарадзіў сола ледзь не на гадзіну даўжынёй. І народ у залі завёўся настолькі, што першы шэраг раскідалі па кутох. Пачаліся бурлівыя, дзікія танцы. Градус дзявочых эмоцыяў захаваўся на стужцы.

«Альгарытмы» ў актавай залі МРТІ. Зьлева направа: Аляксандар Кукоўскі, Соф`я Сегаль, Уладзімер Бяляеў, Яўген Канавалаў

У 1971 годзе адбыўся Другі Біт-фэст, які асабіста спыніў прадстаўнік ЦК КПСС. Пасьля гэтага кіраўніцтва МРТІ выгнала «Альгарытмаў» з рэпэтыцыйнага пункту й канфіскавала зробленую студэнтамі апаратуру. Музыкі разышліся па іншых ансамблях, што гралі ў клюбах цагельняў на ўскраінах Менску.

Падрабязьней пра гастрольнае жыцьцё «Альгарытмаў» — у падкасьце Віктара Сямашкі

Віктар Сямашка, для TuzinFM, запісы й фотаздымкі з архіву Яўгена Канавалава