Праект «(Не)расстраляныя» сабраў 117%. Як гэта атрымалася і што будзе далей (аўдыё/відэа)
4279 / 0
19.11.2018

Праект «(Не)расстраляныя» сабраў 117%. Як гэта атрымалася і што будзе далей (аўдыё/відэа)

З посьпехам завершылася краўдфандынгавая кампанія праекту парталу TuzinFM, прысьвечанага рэпрэсаваным беларускім творцам. На пляцоўцы Ulej.by было атрымана 258 замоваў і сабрана 25 715 рублёў, гэта 117% ад заяўленай сумы.

Посьпех умоўны — у рэальнасьці было сабрана 13 390 рублёў (61%). Па ўмовах Ulej.by аўтар праекту атрымлівае грошы пры зборы ў 100%, калі меней — то ўсе сродкі вяртаюцца да спонсараў. Таму мы даклалі свае сродкі, каб далей працаваць і рэалізаваць другую частку праекту. У цэлым «(Не)расстраляных» можна лічыць адным з  самых пасьпяховых кніжных праектаў за гісторыю беларускага краўдфандынгу: на Ulej.by паводле сабранай сумы ён саступае толькі «Галасам Утопіі» Сьвятланы Алексіевіч і ўваходзіць у топ-5 самых пасьпяховых праектаў наогул на гэтай пляцоўцы.

Музычная частка праекту «(Не)расстраляныя», у якую ўвайшло 17 трэкаў

Крыху аналізу і карысных парадаў для тых, хто хоча зрабіць сваю краўдфандынгавую кампанію. Мы заклалі на рэалізацыю кампаніі 60 дзён. І кожны з гэтых дзён быў расьпісаны па актыўнасьцях, якія праходзілі як оф-лайн, так і он-лайн: штодзённыя публікацыі вершаў, песень, фота, відэа ў суполках праекту Укантакце і Facebook, рассылкі, праца са СМІ і пэрсанальная перапіска з тымі, хто патэнцыйна можа падтрымаць праект, а таксама сустрэчы, лекцыі, прэзэнтацыі праекту ў Менску ды абласных гарадах. Асобнае дзякуй Паўлу Касьцюкевічу і кнігарні «Логвінаў», дзе праходзілі менскія лекцыі. Зь іх вялася жывая трансляцыя на Facebook, а пасьля змантаваныя вэрсіі зьявіліся на Youtube — дзякуй за гэта Аляксею Сіпачову. Таксама вялікая падзяка суарганізатарам лекцыяў у рэгіёнах — Яўгеніі Рамановіч, Зьмітру Назараву, Віталю Броўку, Яўгену Меркісу, цэнтру «Кола» ў Магілёве.

Плэй-ліст з 18 відэавэрсіяў адкрытых лекцыяў праекту «(Не)расстраляныя»

Такім чынам увага да праекту падтрымлівалася несупынна ўвесь час кампаніі. Пікавыя моманты зацікаўленасьці людзей і пераходаў на старонку кампаніі — трэці дзень пасьля запуску і 15—16 лістапада, калі да сканчэньня праекту заставалася пару дзён. Усяго зафіксавана 4634 пераходы на старонку кампаніі. Сыходзячы з колькасьці аплатаў, кожны 18-ы з тых, хто зайшоў на яе — падтрымаў праект. Гэта досыць высокі паказьнік, у сярэднім кожны 20-ы падтрымлівае краўдфандынгавы праект на Ulej.by. Найбольш пераходаў зафіксавана з Facebook (1258) і «Укантакце» (957). 398 чалавек зайшлі наўпрост па спасылцы, плён дала рассылка ад Ulej (171). З сайтаў найбольш пераходзілі з TuzinFM (161) і Tut.by (131). Асобнае дзякуй за інфармацыйную падтрымку хочацца яшчэ сказаць «Радыё Свабода», «Радыё Рацыя», «Еўрарадыё» «Арт-сядзібе» і тэлеканалу «Белсат». Але ў цэлым, на вялікі жаль, СМІ ды інтэрнэт-рэсурсы вельмі слаба падтрымалі наш праект. Хоць цяпер у прынцыпе большы плён у такой справе даюць не яны, а актыўныя ў сацсетках людзі. Публічна заклікалі падтрымаць праект Ніка Сандрас, Алена Танкачова, Тамара Лісіцкая, Павал Аракелян, Андрэй Саўчанка, Арцём Лобач, Іван Мураўёў, Сьвятлана Курс, Сяргей Доўгушаў, Павал Харланчук, Сяргей Навумчык, Ганна Севярынец, Іяланта Кільян, Адам Бароўскі, Наста Шпакоўская, Алена Гіранок, Марыя Мартысевіч, Аксана Зарэцкая, Сяргей Дубавец, Уладзімер Някляеў, Андрэй Хадановіч ды шмат іншых добрых людзей — усіх не пералічыш, але кожнаму зь іх вялікі дзякуй за неабыякавасьць.

Найбольш заявак (176) было атрымана на лот у 30 рублёў, які ўключаў у сябе асобнік кнігі-альбому «(Не)расстраляныя». Таксама замаўлялі кнігу разам з запрашальнікам на прэзэнтацыю за 40 руб. (атрымана 36 заяваў), дзьве кнігі і два запрашальнікі за 70 руб. (15 заяваў), тры кнігі і тры запрашальнікі за 100 руб.(6 заяваў), лімітаванае падарункавае выданьне ў лотах па 175, 200, 250, 300 і 1000 руб. (усяго 11 заяваў). Зь нечаканасьцяў, якія моцна кранулі — паб-клюб «Графіці» разам з Кацярынай Ваданосавай ініцыявалі канцэрт і грошы з квіткоў накіравалі на праект «(Не)расстраляныя» (асобны дзякуй Алене Варанец). Падтрымалі наш праект з уласнае ініцыятывы Беларускі інстытут навукі і мастацтва імя Францыска Скарыны ў Канадзе, Павал Бераговіч і фонд «Вяртаньне», былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, аўтар тэкстаў да залатых альбомаў гурта «Уліс», паэт Фэлікс Аксёнцаў і яшчэ дзясяткі беларусаў і замежнікаў, якім неабыякавая Беларусь, за што ім вялікі дзякуй. А яшчэ кранула, што самі ўдзельнікі праекту падтрымалі фінансава праект, як, напрыклад, Ганна Севярынец, Уладзь Лянкевіч, Яўген Шапчыц.

Канцэртная прэзэнтацыя музычнай часткі праекту

Вынікам другой часткі праекту «(Не)расстраляныя» будзе кніга-альбом, якая цяпер рыхтуецца да друку. Гэтае ўнікальнае выданьне прайшло ўжо рэдактуру Віктара Жыбуля, атрымала ўхвалу ад навуковага кансультанта праекту, прафэсаркі Ірыны Раманавай. Цяпер тэксты на вычытцы ў Вінцука Вячоркі. Дызайнам і вёрсткай займаецца Наста Шастак. Майстарынг і зьвядзеньне трэкаў для музычнай часткі выданьня робіць Павал Сініла са студыі «Everest». Кніга будзе друкавацца ў Літве, пабачыць сьвет яна дзякуючы выдавецтву «Янушкевіч».

Выхад кнігі папярэдне заплянаваны на восень 2019 году, але ня выключана, што яна выйдзе раней. Спонсараў пра дату выхаду і прэзэнтацыі будзем інфармаваць асабіста і праз паведамленьні на старонцы кампаніі. Раім таксама падпісацца на старонкі праекту Укантакце і Facebook — мы зьбіраемся іх папаўняць і надалей, тамсама будзе зьмяшчацца апошняя інфармацыя, датычная рэалізацыі праекту.

Па выхадзе кнігі, спонсары могуць забраць яе ў некалькі спосабаў:
1. На прэзэнтацыі (дата, час і месца будуць паведамленыя дадаткова)
2. Самавываз зь Менску цягам 3 месяцаў ад моманту выхаду (офіс кампаніі «Улей», Менск, вул. Леніна, 50, паверх 3, офіс 1)
3.
На прэзэнтацыях кнігі ў абласных гарадах (дата, час і месца будуць паведамленыя дадаткова)
4. Для спонсараў з-за мяжы можа быць арганізавана дастаўка за кошт спонсара

Прэзэнтацыі кнігі з магчымасьцю яе атрымаць і набыць, мы плянуем зрабіць у Менску і ва ўсіх абласных гарадах, куды ўжо заяжджалі зь лекцыямі. Калі ў кагосьці ёсьць жаданьне і магчымасьць зладзіць прэзэнтацыі ў іншых гарадах Беларусі і за мяжой, пішыце на мэйл budkin1982@gmail.com, дамовімся і ўключым ваш горад у расклад далейшых актыўнасьцяў.

Каманда праекту «(Не)расстраляныя»

Ну і цяпер ужо афіцыйна абвяшчаем — праект «(Не)расстраляныя» працягнецца. У трэцяй частцы мы плянуем ажыцьцявіць незалежны тэатральны праект. Спэктакль паводле п’есы Васіля Шашалевіча паставіць кіраўнік «Тутэйшага тэатру» Андрэй Саўчанка ў супрацы з рэжысэрам Арцёмам Лобачам і мастачкаю Настай Шастак. Пастаноўка задуманая на мяжы тэатру і кіно. Падрабязнасьці пра яе мы распавядзем падчас прэзэнтацыяў кнігі.

Сяргей Будкін, TuzinFM