Znich у #BML: «Гэві-мэтал у кожную хату!» (поўнае відэа)
4284 / 0
22.09.2018

Znich у #BML: «Гэві-мэтал у кожную хату!» (поўнае відэа)

У новым выданьні аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live з жывым сэтам выступаюць пачынальнікі беларускамоўнага паган-мэталу, гурт Znich.

Менавіта са «Зьнічом» зьвязаная гісторыя нараджэньня паган-фольк-мэталу зь лірыкаю на беларускай мове. У песьнях гурта фірмовы рык-гроўлінг Алеся Таболіча спалучаецца з традыцыйным вакалам, а дуда гучыць нароўні са звыклымі для мэтал-музыкі інструмэнтамі. Лідэр каманды ў размове зь Міраю Шульц падзеліцца сакрэтам вечнай маладосьці, распавядзе, на што гатовы пайсьці дзеля прыцягненьня ўвагі да сваёй музыкі, узгадае пра сваіх паплечнікаў — Анатоля Сыса і Аляксандра Кульлінковіча, памяці якіх прысьвечана новая песьня «Жыцьцё». Прагучаць таксама знакавыя гіты гурта з 22-гадоваю гісторыяй.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Крыжы-абярэгі»

(словы Міхася Башлакевіча, музыка Znich)

«Мроя»

(словы Алеся Таболіча, музыка Znich)

«Крумкач»

(словы Анатоля Сыса і Алеся Таболіча, музыка Znich)

«Жыцьцё»

(словы Алеся Таболіча, музыка Znich)

Госьцем наступнага выданьня Belsat Music Live будзе рэпэр Murovei. Прэм’ера праграмы адбудзецца ў суботу, 29 верасьня ў 21:15 па беларускім часе на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё зь мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.

TuzinFM