Топ-12 песень пачатку восені (аўдыё)
6269 / 0
21.09.2018

Топ-12 песень пачатку восені (аўдыё)

На TuzinFM — агляд беларускамоўных прэм’ераў месяца.

Мама — Там лета

Ян Маўзэр нагадаў пра сябе і свой новы праект праз два гады пасьля паўзы. Апошняе, што было чуваць ад аўтараў галоўнага беларускага гіта-2014 — выхад кліпу на песьню «Сеяць вецер» летам 2016-га. Аказваецца, Ян працягвае працу над новай праграмай і абяцае, што як толькі набярэцца матэрыялу на паўнавартасны сэт, распачне канцэртную дзейнасьць. Ягоны новы трэк выйшаў адразу на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-ўкраінску.

Paulinn — #яслухаюмузыку

Гэты трэк — першая ластаўка з будучага ЕР праекту Паліны Цімохінай, які быў дагэтуль вядомы пад назваю Pauline. «„#яслухаюмузыку“ — песьня пра моц музыкі, якая здольная лячыць, ратаваць і рабіць сапраўдныя цуды. Але! Здараюцца гэтыя цуды толькі з тымі, хто ўмее бачыць іх, а таксама атрымліваць асалоду ад кожнага дня, як упершыню!» — кажа  сьпявачка. Да новай песьні было зробленае таксама лірык-відэа.

Стась Сілка — Ня будзе

Гэтую песьню аўтар і выканаўца з Полацку вызначае для сябе як прынцыпова новую ў сваёй творчасьці. Яна стваралася цэлай камандаю музыкаў і паўстала ў такім выглядзе шмат у чым дзякуючы саўндпрадусару Канстанціну Шалуткевічу. «Я атрымаў вялікі досьвед сумеснага стварэньня музыкі, калі ня я дыктатар у кампазыцыі, а розныя музыканты, з абсалютна рознымі поглядамі ўкідваюць нешта сваё. І мне падаецца, што я дазволіў усе прапанаваныя мне экспэрымэнты», — зазначыў Cтась у камэнтары для TuzinFM. І дадае, што песьня менш змрочная, чым можа падацца на першы погляд.

МерадаТвой шанец

Кампазыцыя «Твой шанец», якую напісалі Стыў і Ганна Крамэры пры ўдзеле Юрася Ўскова, адкрывае новы альбом «Мерады» пад назваю «З’яднае нас дарога». «Гэтая кампазыцыя лепей за ўсё адлюстроўвае канцэпцыю кружэлкі, якая прасякнутая ветрам, сонечным цяплом, пылам дарог і хуткасьцю аўтастрады, калі хочацца пакінуць штодзённасьць і адправіцца ў захапляльнае падарожжа… працягласьцю ў жыцьцё!» — прэзэнтуюць свой новы твор слухачам TuzinFM выканаўцы.

Зьміцер Дзядзенка — Гетман

Адмыслова да Дня беларускай вайсковай славы нязьменны ўдзельнік фэсту «Аршанская бітва» ад моманту яго заснаваньня ў 1991 годзе Зьміцер Дзядзенка прэзэнтуе на TuzinFM сваю песьню «Гетман». «Жанр песьні я вызначыў як „беларуская антынародная псэўдагістарычная баляда“. Беларусы любяць іронію, але чамусьці саромеюцца яе ў творчасьці. Напэўна лічыцца, што творчасьць — гэта абавязкова пра штосьці ўзвышанае. Мяне ж нізкія жанры ані разу не бянтэжаць», — заўважыў Зьміцер.

Міла Ражкова — Разьвітаньне з Радзімай

Сьледам за «Беларускім альбомам» расейская сьпявачка выдала «Беларускі сынгл», які адкрывае трэк «Разьвітаньне з Радзімай» на музыку Міхала Клеафаса Агінскага і словы Сержука Сокалава-Воюша. Міла мела ўжо ў рэпэртуары польскамоўны палянэз, а на выкананьне гэтага сьпеву яе натхнілі сябры зь Беларусі. «Тэкст Сержука зусім адрозны ад польскага, больш мужны і пранізьлівы. І мне хацелася яго засьпяваць, знайсьці новыя фарбы для вобразу», — зазначыла яна ў камэнтары для TuzinFM.

Atesta — Жоўты крышталь

Atesta — праект Ульяны Паўловіч, дачкі бас-гітарыста Аляксея Паўловіча, які граў у гуртах «Уліс», «Новае Неба», Naka. Ульяна вучыцца цяпер у восьмай клясе, любіць рок-музыку і марыць пра выступы на вялікай сцэне, таму і вырашыла заснаваць уласны гурт. У запісе першага сынглу «Жоўты крышталь» паўдзельнічалі дасьведчаныя музыкі. Акрамя бацькі, які, вядома ж, сыграў на басу, гэта ўдзельнікі гурта «Торнадо» гітарыст Сяргей Надзежкін, піяніст Іван Сьцепанцоў ды бубнач Раман Лаўрыненка. У падтрымку рэлізу зьнятае таксама лайв-відэа.

Tor band — Памятай

Беларускамоўны трэк з дэбютнага альбому «Революция внутри меня» рагачоўскай каманды, якая паўстала на аскепках гурта Sex. «Мы заўжды ў сваёй творчасьці зьвярталі ўвагу на нашую прыгожую мову, з дапамогай якой можна апісаць шырокі спэктар эмоцыяў. У песьні „Памятай“ мы заклікаем кожнага падумаць, хто ён ёсьць насамрэч, згадаць пра карані ды ўспомніць сваю мову. І гэта не адзіная песьня па-беларуску на нашым альбоме», — сказаў з нагоды прэм’еры на TuzinFM лідэр каманды Дзьмітры Галавач.

Тарас на Парнасе — Гультай

Новая песьня ад аршанскага фольк-рок гурту. Каманда мае двухгадовую гісторыю і складаецца з дасьведчаных музыкаў зь мясцовых рок-камандаў «Титул», Whitestream, «Скифы», Blackrid. Аб’ядналіся музыкі разам з агульнай ідэяй даносіць любоў да беларускай мовы і культуры. Музыкі занялі cёлета першае месца на фэсьце «Дняпроўскія галасы — 2018», трапілі ў шчыльную ратацыю на мясцовым радыё, засьвяціліся ў фільме на СТВ да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня ды выступілі на LidBeer.

Спрат — Тыдзень

Берасьцейскі рок-гурт прэзэнтаваў новы самотнік, у якім разважае над сэнсам існаваньня: «Год у нашых успамінах пралятае як тыдзень. Калі паглядзець у будучыню, то зь цягам часу ад нас застанецца толькі маса і энэргія. Прыняць такі сцэнар страшна і складана. Але асэнсаванае разуменьне сытуацыі дазваляе атрымаць асалоду ад кожнага імгненьня тут і цяпер», — кажуць музыкі ў прадмове да рэлізу. Да песьні зробленае таксама лірык-відэа.

Кашлаты Вох feat. Бульбингем & Alex Burn Чырвонае вока

Сынгл, які лідэр «Кашлатаха Воха» Вячка Красулін называе смачным піражком, ад якога цякуць сьлінкі. Песьня была запісаная пры ўдзеле новага басіста каманды Віталя Пермякова разам зь сябрамі-паплечнікамі з гурта «Бульбингем» ды баяністам Аляксеем Касьпяровічам (Alex Burn). У песьні вядзецца пра тое, што кожны можа прыдумаць уласны сусьвет і стварыць сабе вечнае лета. «Чырвоным вокам» Вячка лічыць сучаснае баство, якое існуе ў розумах наведнікаў шумных начных тусовак.

kolko — Грай

Гурт kolko, які заявіў пра сябе дэбютным сынглам і кліпам на песьню «Самазьнішчэньне», на пачатку восені прэзэнтаваў дэбютны альбом «Ной», у які ўвайшлі беларуска- і расейскамоўныя песьні каманды. Адзін з цэнтральных нумароў — песьня «Грай». Лідэр каманды Фёдар Габрыйчук кажа, што гэта песьня пра тое, як складана разгледзіць у шэрым-шэрым горадзе сярод шэрых-шэрых людзей сапраўды яскравую асобу. Цалкам альбом можна паслухаць у афіцыйнай суполцы гурта.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM