«(Не)расстраляныя». Працяг праекту TuzinFM (відэа+расклад лекцыяў)
6651 / 0
19.09.2018

«(Не)расстраляныя». Працяг праекту TuzinFM (відэа+расклад лекцыяў)

Партал TuzinFM працягвае праект, прысьвечаны памяці рэпрэсаваных у 1930-х беларускіх творцаў. Рыхтуецца кніжнае выданьне з музычным дадаткам, пройдуць новыя лекцыі з выступамі музыкаў у Менску і прэзэнтацыі ў рэгіёнах.

«(Не)расстраляныя» — працяг праекту, які пакліканы вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў сучасны дыскурс. Рыхтуецца да друку ўнікальнае выданьне, у якое ўвойдзе 18 гісторыяў жыцьця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто абраных твораў ды каля сотні архіўных фатаздымкаў, частка зь якіх будзе апублікаваная ўпершыню. Таксама да кнігі будзе далучаны музычны CD-дадатак зь песьнямі на словы герояў праекту. Аб’ём кнігі — больш за 300 старонак. Аздабленьнем выданьня займаецца дызайнэрка Наста Шастак.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ/ЗАМОВІЦЬ КНІГУ 

Над выданьнем працуюць знаныя дасьледчыкі літаратуры і культуры, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекту. 12 лекцыяў прайшлі ў 2017 годзе ў кнігарні «Логвінаў». Увосень 2018 году ў межах праекту ў кнігарні «Логвінаў» адбудзецца 6 новых лекцыяў. Прэзэнтацыі праекту з адкрытымі лекцыямі заплянаваныя таксама ва ўсіх абласных гарадах.

«Мы хочам каб творы закатаваных пісьменьнікаў ведалі, а іх твары пазнавалі. Перакананы, што каб дасягнуць такой мэты, варта працаваць на ўсіх узроўнях успрыняцьця і рабіць гэта густоўна, прыгожа і па-сучаснаму», — кажа кіраўнік і прадусар праекту Сяргей Будкін. Летась у першай частцы праекту вершы расстраляных паэтаў праз 80—100 гадоў пасьля іх напісаньня сталі песьнямі. Летась прайшла канцэртная прэзэнтацыя праекту і 12 адкрытых лекцыяў з удзелам музыкаў, а таксама рэалізаваны выдавецкі праект — сэрыя з 12 «маўклівых кніг» — нататнікаў з выявамі паэтаў і цытатамі зь іх твораў. У Facebook створана 12 пэрсанальных старонак паэтаў, куды дадаюцца іх творы, фота і ўспаміны.

ПРЭМ’ЕРА ПЕРШАЙ ЧАСТКІ ПРАЕКТУ: МУЗЫКА, ВІДЭА ЛЕКЦЫЯЎ

Падтрымаць праект і замовіць сабе кніжнае выданьне можна на Ulej.by. Пры пасьпяховай рэалізацыі задумы з кніжным выданьнем у межах праекту «(Не)расстраляныя» плянуецца зрабіць тэатральную пастаноўку паводле аднаго з твораў беларускай літаратуры 1930-х.

Cачыць за навінамі праекту — Укантакце/Facebook/Instagram

TuzinFM