«Гэта ваш шанец!». Пераможцы «Засьпявай» зьвярнуліся да новых удзельнікаў конкурсу (відэа)
4034 / 0
18.09.2018

«Гэта ваш шанец!». Пераможцы «Засьпявай» зьвярнуліся да новых удзельнікаў конкурсу (відэа)

Naviband, Віталь Варанко, Paulinn, «Хеліос» запісалі відэазвароты з заклікам да маладых выканаўцаў узяць удзел у пятым сэзоне «Засьпявай». А 20 верасьня арганізатары конкурсу на сустрэчы ў «Арт Сядзібе» адкажуць на ўсе пытаньні пра конкурс.

«Гэта быў цудоўны пачатак, які натхніў нас на песьню, якую мы запісалі з Алегам Хаменкам. Спадзяемся, што ў вас таксама будзе стымул, каб стварыць новую беларускую музыку», — кажуць Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук у сваім звароце да маладых выканаўцаў, якіх запрашаюць паўдзельнічаць у конкурсе «Засьпявай-5». Naviband стаў пераможцам другога сэзону зь песьняй «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса. Пасьля музыкаў чакаў посьпех у адборы на «Эўравізію» і прарыў на музычным рынку.

А на самым першым «Засьпявай» перамогу атрымаў Віталь Варанко, які зрабіў песьняю верш Віталя Рыжкова «Вяртайся». «Не ўпусьціце свой шанец і паўдзельнічайце ў гэтым конкурсе!» — заклікае выканаўца. Сам Віталь выправіўся скараць сусьвет, паўдзельнічаў у тэлешоў «Брытанія мае талент», а цяпер займаецца новым праектам Crazy Double, які з дэбютным сынглам засьвяціўся сярод іншага ў амэрыканскім «Magnetic Magazine».

Перамога на «Засьпявай 3.0» зь песьняй «Смутак гораду» на верш Ірыны Багдановіч дапамагла зрабіць гурту Paulinn першы сур’ёзны крок ды запісаць дэбютны альбом. «Гэты праект — выдатны трамплін для музыкаў, у якіх ёсьць здаровыя амбіцыі і мэты ды моцнае жаданьне іх дасягнуць. „Засьпявай“ — гэта магутны музычны рух, у які варта трапіць тым, хто ня бачыць сваю будучыню бяз музыкі», — зазначыла лідэрка праекту Паўліна Цімохіна, якая працягвае разьвіваць праект і пісаць новыя творы.

Гурт «Хеліос», якія перамаглі ў мінулым «Засьпявай» зь песьняй «Па неадступнасьці» на словы Ніны Лістоты, прыгадваюць найперш адукацыйную сэсію, якая тады ўпершыню прайшла ў межах конкурсу. «Яна была такая клясная! Ад гэтага праекту ў нас засталіся самыя цудоўныя ўспаміны!» — кажуць дзяўчаты. Цяпер яны працуюць над сваім дэбютным альбомам.

У  якасьці дадатку да грашовага прызу на «Засьпявай-4» гурт «Хеліос» атрымаў таксама магчымасьць бясплатна зьняць кліп разам з рэжысэрам Арцёмам Лобачам. Яго прэзэнтацыя адбудзецца 21 верасьня на TuzinFM. На дзень раней яго ўбачаць тыя, хто прыйдзе на сустрэчу з арганізатарамі «Засьпявай», у якой таксама возьмуць удзел уласна Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка з «Хеліос», нязьменны сябра журы конкурсу Алег Хаменка, прадусар конкурсу Сяргей Будкін і прадстаўнік фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч. Адмысловым госьцем будзе пераможца літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў 2017 годзе, паэт і музыка Міхал Бараноўскі. Арганізатары конкурсу распавядуць пра цікавосткі пятага сэзону ды адкажуць на пытаньні.

УМОВЫ КОНКУРСУ

TuzinFM