Зборная #BML: РСП, Bez.Not, Warsoba, Kakora ды іншыя (поўнае відэа)
1786 / 0
09.09.2018

Зборная #BML: РСП, Bez.Not, Warsoba, Kakora ды іншыя (поўнае відэа)

Выйшла першае выданьне аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live у новым сэзоне. У ім можна пабачыць прэм’еры і гіты ад «Разьбітага сэрца пацана», Какоры, Warsoba, Bez.Not, Iluzhan, Zolki Band і «Песьняроў».

Новы тэлесэзон на «Белсаце» адкрывае адмысловая праграма Belsat Music Live, якая складзеная з тых песень, якія дагэтуль яшчэ не былі паказаныя ў мінулых выданьнях. Аўтар праграмы Сяргей Будкін адкрывае новыя імёны на беларускай музычнай сцэне і запрашае ў студыю ўжо знаных выканаўцаў. «Разьбітае сэрца пацана» пакажа новую песьню — лету наўздагон і маразам насустрач. Гледачы таксама пазнаёмяцца з новым імём на рэп-сцэне Беларусі — рэпэрам Какорам, былым баскетбалістам, які вучыўся ў італьянскай кансэрваторыі граць на бубнах, а на Радзіме пэўны час зарабляў мантажом надмагільляў. Bez.not выканаюць адзін з гітоў са свайго альбому «Акривия», прагучаць песьні ад Iluzhan і zolki band, гуртоў, якія шмат хто адкрыў для сябе пасьля этэру ў #BML. Эксклюзіў — выступ гурта Warsoba зь песьняй «Кумачкі мае», прысьвечанай памяці ўкраінцаў, якія баранілі сваю краіну і гіт «Гэй, кола» сучаснага складу БДА «Песьняры».

У гэтай праграме яе аўтар таксама патлумачыць чаму ён кліча ня толькі беларускамоўных выканаўцаў. «Беларуская мова застаецца ў прыярытэце для ўсіх музычных праектаў, да якіх я датычны. Але ўсё ж схільны лічыць, што беларускай музыкай варта лічыць усё, што створана ў нашай краіне. Мова, веравызнаньне і палітычныя погляды артыста тут ні прычым», — заявіў Сяргей Будкін і заклікаў пакідаць свае меркаваньне на гэты конт у камэнтарах на Youtube пад першым выданьнем.

Госьцем наступнага выданьня Belsat Music Live стане Раман Волазьнеў. Прэм’ера праграмы адбудзецца ў суботу, 15 верасьня ў 21:15 па беларускім часе на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё герояў мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.

TuzinFM