Паэзія натхніць! Стартуе конкурс «Засьпявай-5» (відэа)
5327 / 1
03.09.2018

Паэзія натхніць! Стартуе конкурс «Засьпявай-5» (відэа)

Партал TuzinFM і фонд «Вяртаньне» абвяшчаюць новы сэзон конкурсу «Засьпявай». Зрабі верш песьняю і атрымай у падарунак грашовы прыз, запіс сынглу, адукацыйную сэсію і сольны канцэрт!

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца выканаўцы ад 16 да 30 гадоў. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост удзельнікаў ня мусіць перавышаць азначаны цэнз. Досьвед і музычная адукацыя ролі ня граюць. Будуць асабліва вітацца заявы ад школьнікаў старэйшых клясаў і студэнтаў першых курсаў. Тэрмін падачы — да 21 кастрычніка ўключна.

Што трэба зрабіць

Песьню зь верша. Паказваем на прыкладзе. Мы прапанавалі тром вядомым выканаўцам зрабіць з аднаго і таго ж верша песьню ў сваім стылі за 3 гадзіны. Вось што з гэтага атрымалася.

Для роліка абраны верш «Музыка» беларускага паэта Анатоля Сербантовіча (1941—1970)

Дзе ўзяць вершы

Сёлета ўдзельнікам конкурсу прапануецца напісаць музыку да аднаго зь вершаў ляўрэатаў і пераможцаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Паэзія». Выбар багаты — 25 паэтычных зборнікаў.

ВЫБРАЦЬ АЎТАРА І ВЕРШ

«Кнігі, адзначаныя на прэміі „Дэбют“ — гэта паэзія нашых дзён, напісаная тут і цяпер, акурат яна можа быць асабліва сугучнай з музыкай нашых дзён. Таму мы і прапануем маладым творцам зьвяртацца да яе», — заяўляюць арганізатары конкурсу.

Увага! Фіналісты прэміі «Дэбют», якія зьяўляюцца яшчэ і музыкамі, ня могуць пакласьці на музыку ўласны верш, але могуць удзельнічаць у конкурсе, калі зьвернуцца да творчасьці іншых паэтаў.

Як будуць абраныя найлепшыя

Дасланыя кампазыцыі разгледзіць журы з шасьці асобаў, у якое ўвойдуць сябры аргкамітэту конкурсу і запрошаныя экспэрты-музыкі. У выніку галасаваньня журы будуць адабраныя паўфіналісты, якія атрымаюць магчымасьць удзельнічаць у адукацыйнай сэсіі. Крытэры выбару найлепшых: адметны вакал, арыгінальная музычная падача, гарманічнае спалучэньне музыкі і слова.

Пасьля адукацыйнай сэсіі пройдзе жывое праслухоўваньне, па выніку якога будуць абраныя тры фіналісты конкурсу, якія атрымаюць магчымасьць запісаць песьню ў студыі і выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых выканаўцаў.

Пасьля канцэртаў будзе названы пераможца прэміі, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 беларускіх рублёў.

ПАДАЦЬ ЗАЯВУ НА КОНКУРС

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ: