Менгарвыканкам — прамоўтэрам: нічога тлумачыць не абавязаныя
3262 / 0
17.07.2018

Менгарвыканкам — прамоўтэрам: нічога тлумачыць не абавязаныя

Менскія ўлады ў асобе кіраўнічкі ўпраўленьня культуры Віталіны Рудзікавай далі зразумець арганізатарам канцэртаў, што дыялёгу ня будзе.

У звароце да менскіх уладаў была ўзьнятая праблема, зь якой пастаянна сутыкаюцца арганізатары канцэртаў беларускіх і замежных канцэртаў. Аўтары прасілі патлумачыць фармулёўку «нізкі мастацкі ўзровень», паводле якой ім забаранілі праводзіць дзясяткі мерапрыемстваў. У сваім адказе за подпісам кіраўнічкі ўпраўленьня культуры Віталіны Рудзікавай, чыноўнікі нават падлічылі дакладную колькасьць адмоваў у гастрольным пасьведчаньні, якія атрымалі тыя арганізатары, якія падпісалі зварот. Ад пачатку 2018 году да 31 траўня 2018 году яны адмовілі 66 разоў.

Аднак, нешта тлумачыць з гэтай нагоды ўлады адмаўляюцца. У сваім адказе яны даюць звычайную адпіску: ёсьць закон (Кодэкс аб культуры) і яны не надзеленыя правам яго тлумачыць.

«Адказ быў прадказальны, але мне ўсё адно вельмі шкада, што чыноўнікі занялі не канструктыўную пазыцыю. У дзейных нарматыўных актаў няма ані ўказаньняў нешта тлумачыць, але няма і забароны на тое, дык чаму бы не стварыць прынамсі бачнасьць дыялёгу?» — кажа ў камэнтары TuzinFM адзін з ініцыятараў звароту, дырэктар клюбу ili Яўген Бялоў. Ён дадае, што не задаволены такім адказам і прапрацоўвае разам з калегамі далейшыя дзеяньні для выпраўленьня сытуацыі. «Для нас абсалютна відавочна, што размова ідзе пра цэнзуру і падобная практыка недарэчная ў сучасным грамадзтве. Яна толькі запавольвае разьвіцьцё нашай культуры і замінае арганізоўваць якасныя культурныя забавы», — дадае прамоўтэр.

TuzinFM будзе сачыць за далейшым разьвіцьцём падзеяў.

Яшчэ: Хто такая Віталіна Рудзікава, якая забараніла гурт Amaroka?

TuzinFM