«Няміга». Глыбіня беларускага сьпеву (аўдыё/відэа)
304 / 0
09.07.2018

«Няміга». Глыбіня беларускага сьпеву (аўдыё/відэа)

Лідэрка дзявочага гурту «Няміга» Ксенія Валенда распавяла TuzinFM чым яе натхняюць беларускія рэкі і чаму ад яе песень слухачы плачуць, а таксама прэзэнтавала дэбютны кліп на песьню «Хвалі».

«Няміга для нас – ня проста прыгожая гістарычная назва, гэта алегорыя нашай мовы і культуры, якую мы ў сваіх песьнях стараемся адрадзіць», – кажа Ксенія Валенда. Год таму яна разам зь сяброўкамі вырашыла стварыць гурт. Вера Алендра грае на флейце, Маша Лабовіч на клявішах, Лізавета Лобан — на пэркусіі, а сама Ксенія піша песьні, сьпявае і грае на гітары. Дзяўчаты свой стыль вызначаюць як «акустык-фольк-рок». «Рок – гэта ня толькі гітарны перагруз ды экстрэмальны вакал, для нас гэта адкрыцьцё душы праз расьпеўныя мэлёдыі ды рытм», – заўважае сьпявачка.  Яна бачыць сэнс творчасьці ў тым, каб несьці людзям сьветлую, прыемную музыку. «У сьвеце, дзе так шмат болю, агрэсіі, стрэсу – людзям не хапае душэўнага цяпла. Пасьля нашай музыкі некаторыя плачуць. І гэта якраз тое, дзеля чаго варта жыць».

«Калі ствараеш нешта ўнікальнае, ня трэба глядзець на каго-небудзь збоку. Шмат гуртоў такім чынам страцілі сваю індывідуальнасьць», – Ксенія распавядае пра тое, як ёй атрымалася намацаць свой стыль. Але гэта ня значыць, што на яе не паўплывала іншая музыка. Сьпявачка натхнялася творчасьцю гуртоў «Ария», «Мельница» і Nightwish.

Адна зь першых песень «Нямігі» завецца «Хвалі». Ксенія як напісала яе, то аднесла ў катэгорыю «ня вельмі». Але на кватэрніках сябры прасілі выканаць менавіта яе, кампазыця стала першым гітом гурта, трапіла ў ратацыю на «Радыё Сталіца». І на яе ж было вырашана зьняць дэбютны кліп. Працавалі над ім рэжысэрка Лера Аксяновіч і апэратар Мікіта Хацук, а ў галоўнай ролі зьнялася акторка Анастасія Сядлецкая.

Нядаўна асобным сынглам была выдадзеная песьня «Нямігі» пад назваю «Страла». Таксама дзяўчаты запісалі яшчэ дзьве песьні – «Не забывай пра мяне» і «Белая зямля (Забяры мяне, Дзьвіна)» – зноў «рачная» тэма ў творчасьці Ксеніі. «На Дзьвіне паўстаў першы горад беларускай летапіснай гісторыі. У песьні гучаць словы «забяры мяне з сабой», гэта як заклік вярнуцца да сваіх каранёў», – тлумачыць аўтарка. 

Гурт «Няміга» прэзэнтуе на TuzinFM свае першыя песьні, запісаныя ў студыі.

Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM