koŭdra. Музыка не вымагае імёнаў (аўдыё)
347 / 1
02.07.2018

koŭdra. Музыка не вымагае імёнаў (аўдыё)

На TuzinFM прэзэнтацыя першых трэкаў, дэбютнае інтэрвію і фотасэт індзі-гурта koŭdra.

Удзельнікі каманды не паведамляюць сваіх сапраўдных імёнаў, ня маюць і выдуманых. Завуць сябе агульным словам – «Коўдра», пішацца беларускай лацінкаю і з маленькай літары. Робяць музыку ўдвох, у іх песьнях гучаць як жывыя гітары і бубны, так і электронныя басы ды клявішныя. Адмыслова да прэзэнтацыі гурту на TuzinFM музыкі пагадзіліся зладзіць свой першы фотасэт ды распавесьці пра сябе.

ТГ: Найперш, патлумачце, чаму быў абраны прынцып ананімнасьці?

Мы так вырашылі ад пачатку стварэньня праекту ўзімку 2018-га. koudra – гэта ананімны інтэрнэт-праект, у якім асноўнае месца аддадзенае музыцы і тэксту, а не асобам музыкаў.

ТГ: Шмат хто надае ўвагу музыцы і тэкстам, але пры гэтым не зьяўляецца ананімам.

Нас захапляе ідэя пражываць як мага больш асобных, максымальна не зьвязаных паміж сабою атачэньнем, жыцьцяў. Для калегаў ты бухгальтар, для слухачоў музыка і аўтар, для сяброў - проста сябар без прафэсіі, у сэкцыі па боксе баксёр. А калі ты баксёр-бухгалтар, то біцца з табою нецікава. Музыка-бухгалтар губляе магію творчага чалавека.

ТГ: У такім разе чаму вы вырашылі зрабіць праект?

Заўжды хацелася граць музыку. Прычым менавіта сваю, а не кавэры, бо граць чужую музыку гэта рамяство, а свая музыка гэта творчасьць.

Ідэя з гуртом нарадзілася пасля фільма «Вышэй за неба». Вельмі ўразіў другарадны па сюжэце пэрсанаж, якога граў Вінсэнт. Уразіў сваёй непрыкметнай, беларускасьцю, якая зачароўвала,  адданасьцю творчасьці і сяброўству. Я падумаў: «Гэта ж я!». І паклаў гэтую думку да пары ў кішэню. А праз тры гады ад прагляду фільма я страціў чалавека, які заўжды казаў мне, што я шмат плянаў адклаў у кішэню і варта бы рэалізоўваць задуманае. Так я пачаў.

ТГ: У чым ідэйны складнік гурта?

koudra гэта музыка пра сумнага, летуценнага чалавека і для яго. Тлумачыць літаральна ня хочацца, каб не забіць яшчэ больш прыгожыя вобразы, які малюе сабе слухач. З кожнага сьпева, калі ён прэзэнтуецца ў нашай суполцы, мы выбіраем некалькі самых важных радкоў з тэксту, якія перадаюць патрэбны настрой.

ТГ: Як бы вы ацанілі сытуацыю, якая існуе ў прынцыпе ў беларускай індзі-музыцы сёньня? Ёсьць тыя гурты, якія вам падабаюцца?

Пакуль што дрэнна ведаем сітуацыю, бо мы яшчэ па-за музычнай супольнасьцю. Звонку падаецца, што попыт на беларускіх музыкаў ёсьць, асабліва ў моладзі. Гэта прыемна. Сучасную беларускую музыку любяць таксама, напрыклад, ва Украіне. Камунікуем са слухачамі адтуль, іх цікавіць тое, што мы робім, і яны ведаюць сучасныя беларускія гурты і іх музыку.

Галоўная праблема, напэўна, не ў музыцы, а ў прэзэнтацыі і нават самапрэзэнтацыі. Бо тыя беларускія гурты, якія асабіста мы любім, музычна неверагодныя і таленавітыя. Але даведаліся мы пра іх выпадкова. А хочацца, каб у такіх музыкаў не было шанцаў прайсэці міма вушэй сваіх слухачоў.

Зь беларускіх гуртоў падабаюцца Akute, «Садъ», пачалі сачыць за гуртом Dlina Volny. Вельмі спадабаўся сьпеў Shuma на адборы на «Эўравізію».

ТГ: Ці зьбіраецеся выступаць ужывую?

Так, зьбіраем ужо музыкаў для жывых выступаў, хаця раней і была думка рабіць koudra поўнасьцю віртуальным праектам. Канцэрты гэта, напэўна, самая важная частка дзейнасьці музыкаў і лепшы шанец заявіць, што ты ёсць, знайсьці аднадумцаў ды слухачоў. Спадзяемся, што і атмасфэрна гэтае даволі файна і ўзрушальна. Пакуль ня мелі досьведу выступу на сцэне менавіта гуртом, гэта сапраўды хвалюе.

У астатнім жа – сканчаем працу над альбомам «parachod». Маем ужо дзевяць запісаных трэкаў. Марым пра тое, каб наша музыка трапіла калі-небудзь ў якасьці саўндтрэка да фільма.

Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: