Ластоўскі на вяршыні. Песьня «Пішы» — найлепшы гіт гэтае вясны (аўдыё)
517 / 0
05.06.2018

Ластоўскі на вяршыні. Песьня «Пішы» — найлепшы гіт гэтае вясны (аўдыё)

Гурт «Закон Гука» перамог у вясновым туры аўдыёчарту на TuzinFM зь песьняю на словы Вацлава Ластоўскага «Пішы».

Песьня «Пішы» зь першых жа дзён галасаваньня ў вясновым туры заняла першую пазыцыю і да канца галасаваньня нікому яе не саступіла, набраўшы 1603 галасы — на 164 галасы болей, чым у песьні «Кавуны пасохлі» праекту «Пані Малала», які фінішаваў другім. «Калі мы даведаліся, што маратон скончыўся, то ўздыхнулі з палёгкай і радасьцю. Наша праца дае плён і гэта натхняе ды падбадзёрвае», — прызнаўся ў камэнтары з нагоды перамогі лідэр «Закон Гука» Лёкса Кузьмін.  Музыкі ў поўным складзе пільна сачылі за галасаваньнем і самі актыўна бралі ў ім удзел. Сам Лёкса галасаваў за кліп Кацярыны Ваданосавай у відэачарце, а таксама за песьню «Вятры» гурта Zanzibar і «Навучы мяне жыць» гурта «Тутэйшыя» ў песенным гіт-парадзе.

Музыкі выконваюць «Пішы» на кожным сваім канцэрце і слухачы ўспрымаюць яе з прыязнасьцю. «Было нават такое, што адзін з слухачоў сказаў, што лічыць нашу песьню адной з найлепшых у праекце „(Не)расстраляная паэзія“», — зазначае Лёкса. Гучыць яна і на радыё, праўда са словаў музыкі, ня ўсе радыёстанцыі яе прынялі. «Мабыць знайшлі нейкі падтэкст у ёй», — мяркуе музыка.

«Пішы» была створаная на верш Вацлава Ластоўскага, беларускага дзеяча, гісторыка, навукоўца, пісьменьніка, прэм’ер-міністра БНР, які быў расстраляны бальшавікамі ў 1938 годзе. Трэк увайшоў у якасьці бонусу ў праект «(Не)расстраляная паэзія».

У найбліжэйшы час гурт «Закон Гука» можна пачуць ужывую ў Горадні (фэст «Хавайся ў бульбу», 9 чэрвеня), у Асіповічах на мясцовым рок-фэсьце 15 чэрвеня. За навінамі гурта можна сачыць праз афіцыйную суполку.

TuzinFM