Cправаздача па ўсіх «Законах Гука» (прэм’ера EP)
2282 / 0
19.04.2018

Cправаздача па ўсіх «Законах Гука» (прэм’ера EP)

Лідэр вясновага чарту, гурт «Закон Гука» прэзэнтуе на TuzinFM свой дэбютны рэліз «Каін», які называе справаздачай за два гады сваёй гісторыі.

Матэрыял для «Каіна» зьбіраўся два гады. Некаторыя песьні з EP прэзэнтаваліся асобнымі сынгламі, ёсьць і зусім новы матэрыял. Музыкі кажуць, што гэты рэліз для іх — чарговы крок, новая прыступка і творчы экспэрымэнт. За больш чым год, які прайшоў ад мінулага інтэрвію TuzinFM удзельнікі каманды кажуць, што зразумелі правілы гульні ў беларускай музычнай прасторы.

«Кожны паасобку сам сабе Курт, Сыд і Кабзон. Ёсьць некалькі моцных гульцоў, ёсьць тусоўка, ёсьць, тыя, хто ня згодны. Мы зразумелі, што нельга спыняцца. Каля нас паволі складваецца кола адзінадумцаў, зь якімі падзяляем каштоўнасьці і з кім прыемна гучаць ва ўнісон. Гэта тыя людзі, якія агучваюць фільмы па-беларуску, займаюцца асьветаю, вядуць блогі і пішуць вершы на роднай мове. І мы ў сваёй дзейнасьці кіруемся словамі Караткевіча: рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш», — кажа лідэр каманды Лёкса Кузьмін.

Усяго на EP гурту «Закон Гука» трапіла пяць песень. Назву рэлізу даў твор «Каін». «Імя біблейскага героя зь няпростай гісторыяй, складаны вобраз зь няпростым лёсам, жыцьцё са спрадвечным грахом на сэрцы. Як гэта прыняць і жыць далей?» — вядзецца ў анатацыі да гэтай песьні.

Назва кампазыцыі «Калі-юга» паходзіць ад індуісцкай «Калі» — эпохі агульнага духоўнага заняпаду. Гэта пераносіцца на сучасныя рэаліі.

Кампазыцыя «Мова» пра тое, што ў чалавека ёсьць ад пачатку і застаецца да сьмерці: «Чалавек нараджаецца, жыве і памірае і ўвесь гэты час зь ім тое, што было дадзена яму ад нараджэньня».

Песьня «Пішы» на словы Вацлава Ластоўскага, якая была прэзэнтаваная ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія», пра трагічную перамогу над страхам: «Страхам быць не пачутым, і страхам таго, што думкі ня будуць напісаныя, а тое што напісана — ніколі ня будзе прачытана і не кране сэрца. Цяпер гэтага страху няма, бо ёсьць песьня», — кажуць музыкі.

Песьню «Бяссоньне» выканаўцы прэзэнтуюць такімі словамі: «Ізноў не заснуць. Розум абмежаваны фізычным навакольлем. Каб пабачыць больш і адчуць глыбей трэба ўмець выходзіць за яго межы. Пагрузіцца ў сьвет ілюзіяў і мараў, дзе ўсё проста і лёгка. Пабачыць, што няма аніякіх межаў, яны прыдуманыя нашым фізычным целам. Калі чалавек знаходзіцца паміж сном і бяссоньнем, то ўсё становіцца відавочным».

«Закон Гука» вызначае свой стыль як рамантычны пост-панк. «Спалучэньне цікавых лірычных вобразаў з напорыстымі гітарнымі рыфамі тое, як мы адчуваем жыцьцё. Мода, як вядома, рэч непастаянная і мы ня вельмі разумеем што такое „актуальная музыка“, ёсьць музыка, якую хочацца рабіць максымальна якасна і тады сам становісься заканадаўцам усіх мод. Галоўнае аддаваць усё на 100% уласных магчымасьцяў», — заяўляюць музыкі. У найбліжэйшы час іх можна будзе пачуць жыўцом 26 траўня ў рок-клюбе Phoenix (Мікалаеў, Украіна) і на рок-фэсьце «Хавайся ў бульбу» ў Горадні 9 чэрвеня. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота з афіцыйнай суполкі гурта