Tonqixod сталі пераможцамі ўзнагародаў Experty.by за 2017 год
2081 / 0
12.04.2018

Tonqixod сталі пераможцамі ўзнагародаў Experty.by за 2017 год

Альбом герояў 2017 году па вэрсіі TuzinFM прызнаны найлепшым у беларускай музыцы праектам Experty.by. З гэтай нагоды гурт можа адрадзіцца, каб даць вялікі разьвітальны канцэрт.

Праект Experty.by у 10-ы раз уручыў узнагароды аўтарам найлепшых беларускіх альбомаў. Сёлета ўзнагароды прайшлі пры падтрымцы брэнду Finlandia. Адборачная камісія з чатырох штатных экспэртаў адслухала 240 беларускіх рэлізаў, што выйшлі ў 2017 годзе. Найлепшых з 33 фіналістаў абралі чатыры журы, якія складаліся з 17 беларускіх музычных журналістаў, пяці замежных і актыўных карыстальнікаў сайту. Замежныя выданьні прадстаўлялі: Аляксей Горбаш (TheFlow, Расія), Максім Сярдзюк (Muzmapa, Украіна), Ян Блашчак (Polityka, Польшча), Ілмарс Шлапіньш (Satori, Латвія), Эмілія Вісоцкайтэ (15min, Літва).

Перамогу ў галоўнай намінацыі — «Найлепшы альбом году» атрымала менскае арт-рокавае трыё Tonqixod з альбомам «Колер, якога няма». Да ўзнагароды дадаецца практычны прыз — рэклямна-інфармацыйная падтрымка сольнага канцэрту ад брэнду Finlandia. Інтрыга ў тым, што ўвосень 2017 году калектыў абвясьціў пра прыпыненьне дзейнасьці, а канцэрт трэба правесьці не пазьней за пачатак чэрвеня. З гэтай нагоды музыкі не выключылі магчымасьці часовага вяртаньня на сцэну.

На рахунку Tonqixod таксама найвялікшая колькасьць узнагародаў — пяць. Па дзьве ў моладзевых куміраў ЛСП і фольк-гурта Ulyanica, па адной — у індзі-сьпявачкі Ані Жданавай і польска-беларускіх рокераў Zero-85.

Пераможцы ў намінацыях:

Найлепшы дэбютны альбом — Ulyanica «Вясна»
Найлепшы электронны альбом — Аня Жданова
«Appetiizer»
Найлепшы поп-альбом — ЛСП
«Tragic City»
Найлепшы фольк-альбом —
Ulyanica «Вясна»
Найлепшы рок-альбом —
Tonqixod «Колер, якога няма»
Найлепшы беларускамоўны альбом (і падтрымка канцэрту ад фонду
«Вяртаньне») — Tonqixod «Колер, якога няма»

Прыз штатных экспэртаў — Tonqixod «Колер, якога няма»
Прыз народных экспэртаў —
Zero-85 «Turritopsis Nutricula»
Прыз замежных экспэртаў — ЛСП «
Tragic City»
Прыз вялікага журы —
Tonqixod «Колер, якога няма»

Найлепшы альбом году (і падтрымка канцэрту ад брэнду Finlandia) — Tonqixod «Колер, якога няма»

Падрабязныя рэйтынгі — на сайце Experty.by.

Як заявіў кіраўнік Experty.by Зьміцер Безкаравайны, праект прыпыняе дзейнасьць. Але не выключана, што ў будучыні ён паўстане ў новай якасьці.

TuzinFM