Чарговы зрух пакаленьняў. Абвешчаныя намінанты ўзнагародаў Experty.by (аўдыё)
1321 / 0
03.04.2018

Чарговы зрух пакаленьняў. Абвешчаныя намінанты ўзнагародаў Experty.by (аўдыё)

Сярод 13 намінантаў сёлетніх узнагародаў праекту Experty.by пераважным чынам маладыя артысты.

11 красавікаў Менску пры падтрымцы Finlandia будуць узнагароджаныя пераможцы штогадовых узнагародаў Experty.by найлепшым беларускім альбомам па галасах беларускіх і замежных музычных журналістаў.

Пераможцы на ўзнагародах у 2016 годзе — праект Shuma

Арганізатары абвесьцілі намінантаў, сярод якіх працы масавых артыстаў і малавядомых шырокаму слухачу музыкаў. Узнагароды будуць уручаныя ў 11 намінацыях. Дакладны сьпіс прэтэндэнтаў абвешчаны ў пяці зь іх. Гэтыя ж дыскі прэтэндуюць на перамогу ў астатніх намінацыях — «Найлепшы альбом году», «Найлепшы беларускамоўны альбом», а таксама прызы па вэрсіях чатырох журы.

Гурт «Петля пристрастия» перамог у 2017 годзе

Намінанты на ўзнагароды Experty.by-2018:

«Найлепшы дебютны альбом»: Аня Жданава «Appetiizer», The Glitchhh «Cordyceps», Ulyanica «Вясна»

«Найлепшы поп-альбом»: ЛСП «Tragic City», Макс Корж «Малый позврослел, ч.2», Naviband «Иллюминация»

«Найлепшы электронны альбом»: Аня Жданава «Appetiizer», Vilasipet «Времена года», Buben Naruszewicz Baisan «Bulbahuana»

«Найлепшы рок-альбом»: Super Besse «LaNuit*», Tonqixod «Колер, якога няма», Zero-85 «Turriptopsis Nutricula»

«Найлепшы фолк-альбом»: Розныя артысты «Песьні матчыны з Вушаччыны», «Стары Ольса» «Вада, хмель і солад», Ulyanica «Вясна»

«Цікава назіраць чарговы зрух пакаленьняў у беларускай музыцы», — канстатуе ў камэнтары для TuzinFM Зьміцер Безкаравайны. Што да адметнасьцяў сёлетніх узнагародаў, то кіраўнік праекту Experty.by зазначае, што яны будуць уручаныя ў юбілейны, 10-ы раз. Вызначэньне найлепшых пройдзе ў звыклым фармаце: «Ад пачатку была мэта, каб узнагароды былі празрыстыя і быў мінімум зьменаў у фармаце. Каб вынікі цырымоніі за розныя гады можна было параўнаць. Гэтак яно і ёсьць сёлета». За год штатныя экспэрты паслухалі 240 беларускіх альбомаў, выдадзеных у 2017 годзе. 33 з іх былі адрэцэнзаваныя і трапілі на ацэнку ўсяго складу журы.

Portmone — пераможцы ўзнагародаў у 2015 годзе

У журы сёлета было 17 беларускіх журналістаў і блогераў, а таксама 5 замежных крытыкаў — прадстаўнікоў мэдыя-рэсурсаў краінаў, зь якімі мяжуе Беларусь: Аляксей Горбаш (TheFlow, Расея), Максім Сярдзюк (Muzmapa, Украіна), Ян Блашчак (Polityka, Польшча), Ілмарс Шлапіньш (Satori, Латвія), Эмілія Вісацкайтэ (15min, Літва). Анкеты ўсіх сяброў журы будуць апублікаваныя пасьля цырымоніі.

Альбом Pukstband прызнаны найлепшым у 2014 годзе

Галоўная намінацыя — «Найлепшы альбом году». Яе пераможца атрымае ў якасьці прыза рэклямна-інфармацыйную падтрымку канцэрту ад генэральнага партнэра — брэнда Finlandia. Аналягічны прыз у намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом» прадставіць фонд «Вяртаньне». У мінулыя гады ўзнагароду атрымлівалі «Петля пристрастия» (2017), Shuma (2016), PortMone (2015), Pukstband (2014).

На загалоўным фота — Аня Жданава, якая прэтэндуе на перамогу ў сямі намінацыях на Experty.by-2018, фота 34mag.net

TuzinFM