Harotnica mix у новым фармаце ў Belsat Music Live (поўнае відэа)
3991 / 0
24.03.2018

Harotnica mix у новым фармаце ў Belsat Music Live (поўнае відэа)

Госьць аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна — праект афрабеларуса Андруся Такінданга з удзельніцаю гурта «Крыві» Валерыяй Валадзько на вакале, які акрыяў пасьля двух гадоў маўчаньня.

Гурт Андруся Такінданга пад наўмысна вясёлы акампанэмэнт сьпявае пра цяжкую жаночую долю. Настолькі цяжкую, што першапачаткова каманду хацелі назваць «Плач прастытуткі». На вакал запрошаная Валерыя Валадзько, якая з самага маленства ўваходзіла ў склад Kriwi ды ўдзельнічала ў cупольных музычных праектах «Я нарадзіўся тут» і «Сьвяты вечар». Зь невялікіх клюбаў гурт неўзабаве перайшоў на вялікія канцэртныя пляцоўкі — яны выступалі на «Басовішчы», на Haineken Opener у Гдыні, і ў менскім Prime Hall разам з Эмірам Кустурыцам. Музыкі выдалі дэбютны альбом «Гвалт» і нечакана для ўсіх прыпынілі дзейнасьць. Каб вярнуцца праз два гады ў абноўленым фармаце.

Цяпер гэта ўжо не пажарны аркестар, а электронны праект з жывою домрай і кантрабасам — да Андруся і Леры далучыўся Эрык Арлоў-Шымкус (Vuraj, ili-ili). Тэма іхнае творчасьці застаецца ранейшай — музыкі распавядаюць у сваіх песьнях пра цяжкую жаночую долю.

У праграме гучаць песьні:

«Каралікі»

«Вецер»

«Рыцар»

«Гэтым разам»

«Агонь»

(словы Андруся Такінданга, музыка гурта Harotnica)

Праз тыдзень у студыі Belsat Music Live выступіць гурт «MorkvoЦвет». Прэм’ера — 31 сакавіка ў 21:15 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM, фота Ягор Бабій