«Жорны» Вольскага — найлепшы гіт зімы-2018 на TuzinFM (+графік туру па Беларусі)
4233 / 0
06.03.2018

«Жорны» Вольскага — найлепшы гіт зімы-2018 на TuzinFM (+графік туру па Беларусі)

Жывая вэрсія песьні Лявона Вольскага «Жорны», якая была запісаная ў студыі праграмы Belsat Music Live, стала пераможцам зімовага аўдыёчарту.

722 галасы набрала цягам галасаваньня песьня «Жорны». Лявон напісаў яе падчас вандроўкі па Швайцарыі ў 2015 годзе, а задумаў значна раней. Зімовы тур на TuzinFM складаўся зь песень, якія гучалі ў студыі праграмы Belsat Music Live.

«Не магу сказаць, што мне непрыемна і агідна браць удзел у розных галасавалках. Тым болей перамагаць. Наадварот прыемна, што людзі ацанілі песьню, якая паводле ўсіх парамэтраў не падпадае пад вызначэньне гіта», — зазначыў з нагоды перамогі музыка. Сам ён не бярэцца вылучыць кагосьці з аўдыёчарту. Кажа, што кожны зь яго ўдзельнікаў мае пазнавальную і запамінальную песьню.

Цяпер Вольскі заняты падрыхтоўкай да канцэрту памяці Міхала Анемпадыстава, які пройдзе 15 сакавіка ў менскім клюбе «Брюгге». У красавіку і траўні Лявон едзе ў першы за 10 гадоў тур па Беларусі. На яго канцэртах прагучаць найлепшыя песьні N.R.M., «Мроі», а таксама з сольных праектаў у электрычным гучаньні. Графік туру: 14.04 — Гомель, 15.04 — Барысаў, 21.04 — Віцебск, 28.04 — Берасьце, 29.04 — Магілёў, 05.05 — Горадня, 18.05 — Бабруйск. Сьпіс будзе дапаўняцца. Cачыць за навінамі выканаўцы можна празь ягоную афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота Андрэя Давыдчыка