«Ілюжан». Ф’южан ад паазерскай русалкі ў Belsat Music Live (поўнае відэа)
2344 / 0
24.02.2018

«Ілюжан». Ф’южан ад паазерскай русалкі ў Belsat Music Live (поўнае відэа)

Калі сумясьціць беларускі фольк з джазам, то атрымаецца прыблізна такая музыка, якую граюць героі новага выданьня аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live.

Багаты насычаны гук з выкарыстаньнем мноства інструмэнтаў. Пры гэтым акустычных. Прыгожы палыновы вакал. І мяккая далікатная музыка. Усё гэта робіць «Ілюжан» адметным. Гурт аб’яднаў рокавых і акадэмічных музыкаў. А паўстаў «Ілюжан» з гурта «Ох.Ра». Пасьля сыходу сьпявачкі Дар’і Кадамскай было вырашана абнавіць склад, назву ды абвесьціць кастынг на новую вакалістку. Усіх зачаравала дзеўчына з Паставаў — Кацярына Аліхвер (цяпер Папова).

Музыкі пакажуць жыўцом свае самыя яскравыя песьні ўключна з прэмераю з будучага альбому. А Кацярына Папова распавядзе вядоўцы Міры Шульц пра тое як сфармавалася яе ўнікальная сьпеўная манера, на якую зьвярнула ўвагу Ніно Катамадзэ.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Татачка» (словы Кацярыны Паповай, музыка Сяргея Харашкевіча)

«Барані Божа» (словы Кацярыны Паповай, музыка Сяргея Харашкевіча)

«Аднойчы на вулiцы» (кавэр на песьню Nino Katamadze & Insight «Once in the Street»)

«Як ніколі раней» (словы Кацярыны Паповай, музыка Сяргея Харашкевіча)

«Маценька» (словы Кацярыны Паповай, музыка Сяргея Харашкевіча)

Праз тыдзень у студыі Belsat Music Live выступіць гурт «Кассиопея». Прэм’ера — 3 сакавіка ў 21:15 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM