Госпэл вас любіць. Менскі хор запісаў cучасны гімн каханьню (прэм’ера)
3825 / 0
13.02.2018

Госпэл вас любіць. Менскі хор запісаў cучасны гімн каханьню (прэм’ера)

Менскі госпэл-хор пад кіраўніцтвам Паўла Шведава прэзэнтуе на TuzinFM твор уласнага сачыненьня да Дня Сьвятога Валянціна «Сьвята каханьня», першы аўтарскі твор на беларускай мове ў такім жанры.

Песьня «Сьвята каханьня» зьявілася на сьвет сёлета. Яе аўтар — кампазытар, асьпірант Беларускай акадэміі музыкі, сябра Беларускага саюзу кампазытараў Павал Шведаў. «Мне захацелася напісаць пра адносіны між маладымі, пра супярэчнасьці і сытуацыі, у якіх знаходзяцца закаханыя людзі і пра радасьць ад гэтага пачуцьця. Гэтым сьпевам мы хацелi павiншаваць беларусаў са сьвятам i пажадаць штодня адчуваць рамантыку i каханьне», — кажа Павал з нагоды прэзэнтацыі свайго твору на TuzinFM.

Песьня запісаная Менскім госпэл-хорам, якім кіруе Павал. Салісткі — Ярына Прыходзька, Анастасiя Панова i Вольга Вiшняк. Хор быў створаны ў 2013 годзе з мэтай аб’яднаць аматараў госпэл-музыкі. Сярод задачаў хору ў тым ліку — спрыяць разьвіцьцю беларускай мовы і культуры. Далучыцца да яго можа кожны ахвочы. Хор дае канцэрты, у тым ліку разам з сусьветнымі зоркамі ў гэтым жанры, бярэ ўдзел у міжнародных фэстах, выступае ў філярмоніі, у касьцёлах і цэрквах з хрысьціянскімі праграмамі і здымае кліпы. Сваімі сіламі ладзіць фэстываль госпэл-музыкі з удзелам замежных музыкаў. Сёлета фэст адбудзецца 2—3 сакавіка. Падрабязнасьці — у афіцыйнай суполцы.

TuzinFM