Што слухалі ў 2017-м на Soundcloud (аўдыё)
1601 / 0
03.01.2018

Што слухалі ў 2017-м на Soundcloud (аўдыё)

У топ-12 самых запатрабаваных беларускіх песень году на акаўнце TuzinFM у Soundcloud зноў на першай прыступцы ўкраінскі гурт «Жадан і Собаки». Сярод лідэраў – Akute, Кацярына Ваданосава, Naka і Алесь Дзянісаў.

300 558 праслухоўваньняў было зафіксавана цягам 2017 году на канале TuzinFM на плятформе Soundcloud. Для параўнаньня – у 2016-м было 302 000, а ў 2015-м – 316 000, у 2014-м – 126 000. Найбольшая колькасьць слухачоў нязьменна зь Беларусі (188 742), на другім месцы – Україна (27 973), трэцяя – Расея (18 632). Прычым у папярэднія два гады другое месца трымала Расея. Далей ідуць ЗША (16 837), Польшча (10 740), Канада (6 068).

У топ-12 трапіла адразу 9 трэкаў з праекту «(Не)расстраляная паэзія», які партал TuzinFM зладзіў летась. На 10-ае месца трапіў рарытэтны трэк – «Коленька» у выкананьні Міколы Труса, які быў запісаны ў 1997 годзе на студыйнай сэсіі праекту «Народны альбом», але так у яго не ўвайшоў. Упершыню афіцыйна ён быў апублікаваны на нашым партале ўзімку 2017-га. На 5-ае месца трапіў сьпеў Алеся Дзянісава на словы Алеся Чобата «Круча» з альбому «Кароткая гісторыя Беларусі»,  які быў прэзэнтаваны на TuzinFM. Інтарэс да рэлізу дадаткова падагрэлі менскія ідэолягі, якія забаранілі канцэртную прэзэнтацыю і мусілі хлусіць у судзе, каб апраўдаць свае незаконныя дзеяньні. А ўзначаліў топ-12 Сяргей Жадан, які разам з гуртом «Cобаки в космоси» у 2015-м годзе прэзэнтаваў песьню «Рок-музыкант». Знаны ўкраінскі паэт і музыка перасьпяваў славуты гіт гурту «Мроя» ва ўласным перакладзе для праекту «Global Reload», які зладзілі TuzinFM разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!». І ўжо другі год гэтая кампазыцыя па-за канкурэнцыяй на «тузіноўскім» Soundcloud.

Такім чынам, топ-12 за 2017 год (у дужках, колькасьць праслухоўваньняў за год):

12. TonqiXod – Імчы, цягнік (2,537)

11. Re1ikt – Пра чорныя вочы (2,676)

10. Narodny Albom – Kolenka (2,794)

9. Vuraj – Настроі (2,920)

8. Vinsent – Мэтрапалітэн (3,011)

7. Dzieciuki – Бунтар (3,113)

6. Лявон Вольскі – Ты помніш (3,183)

5. Алесь Дзянісаў – Круча (3,212)

4. Naka – Адыйшоўшым (3,245)

3. Кацярына Ваданосава і Fantasy Orchestra – Асыпае чэрвень белы сад (3,566)

2. Akute – Я цябе пакахаў (4,938)

1. Жадан і Собаки – Рок-музыкант (13,081)

ЯШЧЭ: 

ТОП-12 САМЫХ ЗАПАТРАБАВАНЫХ ПЕСЕНЬ 2016 ГОДУ 

ТОП-12 САМЫХ ЗАПАТРАБАВАНЫХ ПЕСЕНЬ 2015 ГОДУ 

TuzinFM, фота Аляксандар Бабіч, Polindrome