«Песьняры» па законе ў Belsat Music Live (поўнае відэа)
1461 / 0
02.12.2017

«Песьняры» па законе ў Belsat Music Live (поўнае відэа)

Госьцем аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна стаў дзяржаўны ансамбль «Песьняры», які лічыцца адзіным афіцыйным пераемнікам ансамблю пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна.

Пасьля сьмерці Мулявіна ў 2003-м, вырашана было працягваць дзейнасьць ансамблю. За гэты час празь яго прайшлі больш за 20 музыкаў. Сёньня кіраўніком ансамблю зьяўляецца Раман Козыраў, які працуе ў «Песьнярах» ужо 14 год.  Сярэдні ўзрост удзельнікаў ансамблю каля 35 год.  Музыкі працягваюць традыцыі, закладзеныя яшчэ паўстагодзьдзя таму, ствараюць свае песьні і запісваюць новыя альбомы ў фірмовым стылю. Статус дзяржаўнага ансамблю азначае, што музыкі за сваю дзейнасьць атрымліваюць заробак, забясьпечваюцца офісам, студыяй, інструмэнтамі, абсталяваньнем і выступаюць на мерапрыемствах дзяржаўнай важнасьці. У размове зь Міраю Шульц музыкі распавядуць, як трапілі ў калектыў, чым займаюцца па-за працаю і як змагаюцца за права «Песьнярамі» звацца. У жывым сэце прагучаць песьні, якія былі створаныя апошнім часам, а таксама адзін з залатых гітоў ансамблю.

У праграме гучаць песьні:

«Кацярынка маладая» (музыка Р.Козырава, словы В. Шарапава)

«Жняя» (музыка Р. Козырава, словы Я. Купалы)

«Я ліцьвін» (музыка Р. Козырава, словы І. Клімашэўскага)

«Завушніцы» (музыка У. Мулявіна, словы М. Танка)

Праз тыдзень, госьцем праграмы Belsat Music Live будзе гурт Irdorath. Прэм’ернае выданьне выйдзе ў этэр 9 сьнежня ў 20.25 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

 TuzinFM