Nizkiz, Re1ikt i Akute выступяць на прэміі «Героі году — 2017»
2175 / 0
27.11.2017

Nizkiz, Re1ikt i Akute выступяць на прэміі «Героі году — 2017»

Тры прэтэндэнты на званьне «Гурт году» сыграюць жывыя сэты на прэміі парталу TuzinFM, якая адбудзецца 12 сьнежня. Весьці цырымонію будзе Максім Жбанкоў, а імя пераможцаў абвесьцяць лідэр Vuraj Сяргей Доўгушаў і гурт Intelligency.

Прэмія «Героі году — 2017» уручаецца ў пяці намінацыях. Пераможцаў у трох зь іх — «Найлепшая песьня», «Найлепшы альбом» і «Найлепшы кліп» вызначаюць наведнікі парталу TuzinFM, а галоўнае адкрыцьцё году ў беларускай музыцы і гурт году называе рэдакцыя TuzinFM. У вечарыне возьмуць удзел тры гурты з шорт-лісту. Nizkiz, Re1ikt i Akute сыграюць жывыя сэты са сваіх найлепшых песень, а адкрые канцэрт выступ аднаго з прэтэндэнтаў на званьне «Адкрыцьцё году». Сёлетні канцэрт прымеркаваны да 14-годзьдзя парталу TuzinFM.

«Выдатна тое, што кожны год мы маем вялікі выбар. Асабліва прыемна, што тыя выканаўцы, хто ў свой час намінаваўся на „Адкрыцьцё“, празь некаторы час прэтэндуюць на званьне „Гурт году“, — кажа кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін. — Наша прэмія суб’ектыўная, але яна паказвае ўсю чароўнасьць і шматстайнасьць беларускай музыкі. Менавіта дзеля гэтага „Тузін“ і працуе ўвесь гэты час — мы хочам, каб нашу музыку пачула як мага шырэйшае кола слухачоў».

Вядоўцам сёлетняй цырымоніі будзе культуроляг Максім Жбанкоў, аўтар музычнай радыёпраграмы «Мачо-клюб». А імёны пераможцаў назавуць уладальнікі леташняй прэміі — гурт-адкрыцьцё-2016 Intelligency і Сяргей Доўгушаў з гурту Vuraj.

НАБЫЦЬ КВІТКІ

Далучыцца да падзеі: Facebook /УКантакце

Прэмія «Героі году» адбудзецца 12.12.2017 у Macho club (комплекс «Журавінка», вул. Янкі Купалы, 25). Пачатак у 19:00. Даведкі па тэл. +375 29 687-20-93. Кошт квіткоў: папярэдне — 15 руб. (танцпляц), 20 руб. (столік), на ўваходзе — 20 руб. (танцпляц), 25 руб. (столік) — пры наяўнасьці.

TuzinFM