Памяці Генадзя Прасьвіракова
1286 / 3
08.11.2017

Памяці Генадзя Прасьвіракова

Зьміцер Падбярэзскі ўзгадвае пра свайго сябра і кампаньёна, дырэктара лэйбла Dzida music Генадзя Прасьвіракова і перадае ягоную перадсьмяротную просьбу.

12 ліпеня гэтага году быў апошні дзень, калі я пабачыўся з маім сябрам, калегам, партнэрам Генадзем Прасьвіраковым. Ягоны арганізм ня здолеў перамагчы гідкую хваробу, якая зьела яго якраз напярэдадні новага этапу разьвіцьця прыдуманага і ўвасобленага ім праекту па прасоўваньні беларускай музыкі на прасторы Эўропы.

Пазнаёміў нас наш агульны сябра. Генадзь, маючы за плячыма вялізны бізнэс-досьвед на пачатку ліхіх 90-х, калі ён зарабляў на фінансавых апэрацыях, ня стаў пры першай сустрэчы ўводзіць мне ў вушы нейкія увэрцюры, а адразу паставіў пытаньне рубам: «Ці верыш ты ў тое, што на беларускай музыцы можна зарабляць грошы?» Я і адказаў, у чым быў упэўнены: «Не!». Ён напэўна чакаў такі адказ, а таму адразу перайшоў да справы. І недзе праз паўгадзіны я здаўся пад ціскам ягоных аргумэнтаў, якія і сьведчылі: на беларускай музыцы можна зарабляць. Могуць зарабляць як выканаўцы (безумоўна, далёка ня ўсе), так і тыя, хто будуць ім у гэтай справе спрыяць.

І тады, у 2011-м, паўстала зарэгістраваная ў Чэхіі фірма Dzida music, у чым нам двум дапамаглі добрыя людзі. Месца рэгістрацыі было абрана невыпадкова зm некалькіх прычынаў. Галоўнай было тое, што ў Эўропе куды больш шаноўна будуць ставіцца не да прыватных асобаў зь (нейкай) Беларусі, а да юрыдычнай фірмы, што базуецца ў краіне-сябры Эўразьвязу. І па першым часе генэральная лінія Dzida music засноўвалася на продажы альбомаў айчынных выканаўцаў праз інтэрнэт-крамы, дзе яны зьяўляліся, што вельмі істотна, ня толькі пад знакам гэтага лэйбла, але і з міжнародным кодам. Магчыма, на той час сёй-той зь беларускіх калектываў гэтаксама ўжо распаўсюджваў сваю творчасьць, але ў Dzida music усё было пастаўлена на паток. Мы не спадзяваліся на высокія прыбыткі, але здаралася, што пару нашых кліентаў выходзілі ў плюс, пакрываючы ня толькі ўкладзеныя ў распаўсюд сродкі, але і маючы з таго няхай і сьціплы, але ўсё ж прыбытак.

Зьміцер Падбярэзскі і Генадзь Прасьвіракоў, фота ultra-music.com

Генадзь днямі сядзеў у інтэрнэце, вывучаючы ягоныя магчымасьці, пра якія пераважная большасьць удзельнікаў айчыннага музычнага рынку нават і цяпер не здагадваецца. Ён адшукваў праграмы, які давалі статыстыку, напрыклад, адносна краін, зь якіх найчасьцей пампуецца музыка нашых кліентаў. Ці дэманстраваў мне графікі, што адлюстроўвалі ўзроставыя катэгорыі тых, хто цікавіцца беларускай музыкай, лайкае яе, але ня мае сродкаў набыць. Усё гэта давала падставы час ад часу карэктаваць рэпэртуарную палітыку таго ці іншага калектыву. На аснове амэрыканскіх дакумэнтаў стварыў адаптаваныя да мясцовых умоваў узоры дамоваў працы з выканаўцамі, у якіх закраналіся такія «дробязі», пра якія нашых артысты, дапускаю, наогул не задумваліся.

А яшчэ падчас сустрэчаў з магчымымі кліентамі ён шмат часу надаваў таму, каб высьветліць патэнцыял творчых амбіцыяў музыкаў, іх зараджанасьць на тое, каб, як той казаў, прабіваць ілбом сьцены. І як толькі чуў нешта накшталт «Мы хочам граць на стадыёнах», рашуча вяртаў фантазёраў на зямлю. Ён заўсёды казаў: няхай музыкі займаюцца толькі музыкай. А іх прасоўваньнем, продажам прадукту, рэклямай павінны займацца іншыя. На жаль, практыка паказала, што асноўная большасьць нашых музыкаў спадзяецца выключна на саміх сябе: маўляў, мы самі ўсё гэта здольныя адужаць. Вось чаму я цалкам падзяляў ягонае меркаваньне, што на 95% беларуская музыка – гэта самадзейнасьць, для якой чарговы карпаратыў ня ёсьць новай прыступкай у кареры, а ўсяго толькі адным з лякальных дасягненьняў, калі тое наогул можна лічыць посьпехам.

Генадзь Прасьвіракоў, фота Аляксея Саламоніка

Шлях у прафэсію пачынаецца з дробязяў. Генадзь зладзіў каля дзесятка сэмінараў, на якіх уводзіў маладых музыкаў у курс справаў. Скажам, даводзіў, што перш чым абраць назву для групы, варта пакорпацца ў пошукавіках: а раптам гурт з такой жа назвай ужо існуе? Ці пытаўся, хто мае права ад імя калектыву падпісваць розныя фінансавыя дакумэнты? Мы кантактавалі з бадай што паўсотняю гуртоў, і толькі ў аднаго зь іх апошняе было дакумэнтальна зарэгістравана...

Многія з гэтых пытаньняў пазьней нямецкія адмыслоўцы ад шоў-бізнэсу тлумачылі на сэмінарах, што ладзіў Інстытут Гётэ ў Мінску. І было вельмі прыемна чуць зь іх вуснаў, што створаны Генадзем сайт dzida-music.com цалкам адпавядае стандартам падобных рэсурсаў ва ўсім сьвеце. І што многія з тых пытаньняў, якія Генадзь падымаў на сваіх сэмінарах, тлумачыліся прафэсіяналамі зь Нямеччыны.

Мінула два-тры гады, музыка пакрысе прадавалася, але ў Генадзя паўстаў новы плян: падабраць найбольш цікавых выканаўцаў з арыгінальным рэпертуарам і паспрабаваць выставіць іх на эўрапейскі букінг. Шмат часу ён аддаў пошуку людзей у розных краінах, каб тыя ад імя Dzida music маглі заключаць дамовы на канцэрты. Пошукі амаль не далі плёну. Тады ён зноў зьмяніў тактыку і праз некаторы час здабыў адмысловую базу дадзеных арганізатараў эўрапейскіх фэстываляў, пракатчыкаў, гаспадароў клюбаў, прамоўтараў ды іншых удзельнікаў музычнай індустрыі. Пры гэтым паштовыя адрасы былі не агульныя, а канкрэтных асобаў, тых, хто непасрэдна прымае рашэньні. Расшукаў кампутарныя праграмы, якія дазвалялі адным націскам кнопкі рассылаць інфармацыю пра нашых артыстаў па клюбах, фэстывалях Эўропы ў залежнасьці ад іх спэцыфікі і накірунку. І нашая падборка выканаўцаў была ўжо амаль гатовая да таго, каб заявіць яе ўдзельнікаў у Эўропе, як да Гена падкралася тая хвароба.

Ён ніколі не казаў, што будзе загадваць нашым кліентам, што і як ім рабіць: гэта справа прадусараў. Але пры гэтым мог ласкава нешта і падказаць. Бо ведаў матэрыял. Сам у юнацтве іграў на гітары на блізкіх да ягонага дому «Карчах», меў у хаце шыкоўны збор запісаў найлепшых гітарыстаў сьвету. Мне ж ён давяраў, хоць і спрачаліся мы зь ім неаднаразова і часам даволі жорстка. Я павінен быў вышукваць выканаўцаў, якія сваёй творчасьцю маглі б зацікавіць эўрапейскага слухача і пакупніка музыкі. Такіх у нас няшмат, але яны ёсьць. Практыка ж паказала, што нашыя прапановы адносна супрацоўніцтва для большасьці музыкаў былі нечым абсалютна новым і мала зразумелым. Таму і стварэньне той падборкі найлепшых недаравальна расьцягнулася ў часе, на што Генадзь зусім не разьлічваў...

Тым ня менш, сваю вельмі істотную ролю ў руху айчыннай музыкі наперад ён адыграў. І калі б быў жывы, напэўна прыдумаў бы яшчэ нешта новае. Такі ўжо ён быў чалавек, які ня мог жыць без справы, які жадаў дзяліцца тым, што ён ведае, зь іншымі...

P.S. Фірма Dzida music і сайт, як пра тое прасіў незадоўга да сьмерці Генадзь, прадаюцца. Падрабязьней адкажу ў асабістым ліставаньні тым, каго ведаю, гэтак жа асабіста.

Зьміцер Падбярэзскі, для TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • Виктор Руденко
    Виктор Руденко / адказаць
    08.11.2017 / 12:34

    дзякуй Генадзю ад гурта Rostany за тое, што заўжды быў вялікім энтузіястам , натхняў сваімі ідэямі і марамі, іншы час такімі неверагоднымі, што хацелася плюнуць і сказать "брахня!" Але менавіта такое натхненне, калі ўсё навокал імкнецца цябе дэмаралізаваць, насамрэч і дапамагае здзейсніць немагчымае. Зараз бадай палова таго "казачнага" шляху намі пройдзена, а Генадзя ўжо няма. Дзякуй яму. І дзякуй Сяргею Будкіну за гэты важны артыкул пра чалавека, які хай і не зіхацеў з тэлеэкранаў, але, нягледзячы на сціпласць, быў па-сапраўднаму каштоўнай rara avis.

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    08.11.2017 / 17:54

    Дзякуй, Віктар. Генадзь насамрэч апярэдзіў у Беларусі музычны час.

  • Сяргей Будкін
    Сяргей Будкін / адказаць
    08.11.2017 / 18:43

    За артыкул варта падзякаваць Зьмітру. Майго ўдзелу ў напісаньні няма.

    Мы часта перасякаліся з Генадзем і актыўна перапісваліся, часта спрачаліся, але заўжды канструктыўна. Ягонаму імпэту можна было пазайдросьціць. Ён меў безьліч ідэяў і вельмі шкада, што не пасьпеў іх рэалізаваць да канца. Сьветлая памяць.

  • КАМЕНТАВАЦЬ