Пераможцы «Басовішча-2017» Teleport у Belsat Music Live (поўнае відэа+анонс)
6600 / 0
02.10.2017

Пераможцы «Басовішча-2017» Teleport у Belsat Music Live (поўнае відэа+анонс)

У новым выданьні аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна — жывы выступ гурту Teleport, яскравага прадстаўніка беларускай нэапсыхадэліі.

Канцэпцыя гурту Teleport — у якаснай прапрацоўцы гуку, за што іх шануюць слухачы і музычныя крытыкі. Свой дэбютны дыск «Маўкліва» яны аддалі на майстарынг да брытанскага гукарэжысэра Стыва Кітча, які працаваў над дыскам Аліны Арловай «Mutabor». Teleport быў заснаваны ў 2012 годзе, але ўпершыню паказаўся на публіку толькі ў 2015 годзе, калі прэзэнтаваў дэбютны EP «Leta», выступілі на сумесным канцэрце з гуртом TonqiXod і выдалі дэбютнік. У гэтым жа годзе вакаліст каманды Яўген Цярэнцьеў увайшоў у тройку прызэраў конкурсу «Засьпявай 2.0», а ўвесь гурт намінаваны на ўзнагароды TuzinFM «Героі году» як «Адкрыцьцё году».

У шэрагу найлепшых беларускіх альбомаў году іх першы дыск назвалі экспэрты зь Літвы, Польшчы і Латвіі, а галоўрэд Zvuki.ru Дзьмітры Куркін дык наогул паставіў яго на першае месца сярод усіх беларускіх альбомаў 2015 году: «Беларуская нэапсыхадэлія? Ух ты! Дайце дзьве», — усклікнуў экспэрт. Гурт бярэ ўдзел у вядучых эўрапейскіх шоўкейс-фэстывалях у Таліне, Вільні і Гамбургу. Праўда, у гэты ж час пазбаўляецца аднаго з заснавальнікаў і вакалістаў Максіма Мацэвіча. А сёлета гурт перамог у конкурсе на фэсьце «Басовішча». Цяпер Яўген Цярэнцьеў разам з басістам Віктарам Гуцам і бубначом Мікалаем Пахомчыкам рыхтуюцца да запісу другога альбому — матэрыялу ў хлопцаў багата.

У новым выданьні Belsat Music Live хлопцы падзеляцца сваімі высновамі зь вядоўцаю Міраю Шульц пасля выступаў у Эўразьвязе, адкажуць на закіды ў старамоднасьці ды сыграюць магічны сэт уключна зь песьнямі з будучага альбому.

Песьні, якія гучаць у праграме: 

«Leta» (музыка і словы Максіма Мацэвіча)

«Nioman» (словы і музыка Яўгена Цярэнцьева)

«Padvojnasc» (словы і музыка Яўгена Цярэнцьева)

«Moj ladny sviet» (словы і музыка Яўгена Цярэнцьева)

«Luna» (словы і музыка Яўгена Цярэнцьева)

Праз тыдзень, гасьцямі праграмы Belsat Music Live будзе гурт »Без билета». Прэм’ернае выданьне выйдзе ў этэр 7 кастрычніка ў 20:30 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM