TuzinFM vs. ідэолягі. Будзе батл!
238 / 0
08.09.2017

TuzinFM vs. ідэолягі. Будзе батл!

Апэляцыйная інстанцыя эканамічнага суду Менску прызначыла судовае паседжаньне ў справе забароненага чыноўнікамі канцэрту Алеся Дзянісава.

«Апэляцыйная скарга пададзена ў адпаведнасьці з устаноўленымі патрабаваньнямі, прадастаўленыя матэрыялы зьяўляюцца дастатковымі для прыняцьця апэляцыйнай скаргі да разгляду», – вядзецца ў лісьце за подпісам судзьдзі Сьвятланы Марчук, які атрымаў кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін у адказ на сваю заяву, пададзеную ў Эканамічны суд Менску. Да гэтага судзьдя Аліна Драбудзька палічыла законнай забарону на выступ гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава. Сяргей Будкін з такім рашэньнем не пагадзіўся і падаў апэляцыю. Арганізатар канцэрту просіць прызнаць дзеяньні ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкаму незаконнымі і парушаючымі правы ды інтарэсы прадпрымальніцкай дзейнасьці ды просіць абавязаць чыноўнікаў выдаць гастрольнае пасьведчаньне на гэты канцэрт на любую іншую дату.

Судовае паседжаньне ў гэтай справе прызначана на 20 верасьня 2017 году ў 10.00 у памяшканьні эканамічнага суду г.Менска па адрасе вул.Акадэмічная, 15, корп.1, пакой 402. У паседжаньні возьмуць удзел як кіраўнік TuzinFM, так і супрацоўнікі ідэалягічнага ўпраўленьня.  Падобная справа ў Беларусі дагэтуль не разглядалася.

Тым часам, стала вядома пра забарону яшчэ двух канцэртаў гурту Dzieciuki, у якім у якасьці вакаліста і суаўтара песень удзельнічае Алесь Дзянісаў. Сарваны анансаваны выступ музыкаў у Сьветлагорску ў кафэ «Маёнтак» 15 верасьня, а менскія чыноўнікі далі чарговую адмову ў гастрольным пасьведчаньні заяўнікам канцэрту гарадзенцаў у адным зь менскіх клюбаў. Цяпер робіцца спроба зрабіць канцэрт «Дзецюкоў» на хутары Шаблі 23 верасьня.  Гэтая ініцыятыва можа стаць магчымай толькі дзякуючы прыхільнікам. Усяго толькі трэба адзначыцца ў камэнтарах на старонцы гурту Ўкантакце і Facebook 

Яшчэ: Феерыя. Як забараняюцца канцэрты ў Беларусі (дакумэнт)

Алесь Дзянісаў: «Сёньня мяне, заўтра вас»

TuzinFM