Найлепшы альбом сэзону на TuzinFM — «Plastyka» ад Akute!
2689 / 0
30.08.2017

Найлепшы альбом сэзону на TuzinFM — «Plastyka» ад Akute!

Чацьверты нумарны альбом магілёўскай каманды перамог у выніковым туры альбомнага чарту.

У галасаваньні «Да апошняга» дыск «Plastyka» набраў 367 галасоў і апярэдзіў іншых прэтэндэнтаў на перамогу — альбом гомельскага фольк-праекту «Ягорава гара» і «Dobrazol» гарадзенскага гурту «.К». «Прыемна, што наведнікі „Тузіна“ станоўча ацанілі альбом, над якім мы працавалі амаль два гады. Нам ён таксама вельмі падабаецца, — кажуць музыкі. — Гэта ўжо ня першая наша перамога ў чартах на „Тузіне“, што ў сваю чаргу накладае пэўныя абавязкі — не паніжаць плянку і самаўдасканальвацца!»

Са сваіх улюбёных альбомаў іншых выканаўцаў гэтага сэзону Рома Жыгараў і Стас Мытнік вылучаюць «Tragic City» LSP, бо гэта творчасьць іх сяброў і знакавая для Беларусі праца. А з замежных, кажа Рома, так шмат цікавага, што цяжка засяродзіцца на пэўных імёнах. Цяпер у прайгравальніку «акутаўцаў» гучаць песьні Bonobo, Grizzly Bear, The xx, Phantogram, Temples, Gorillaz.

Цяпер гурт крыху адпачывае пасьля насычанага лета і ўдзелу ў фэстах у Беларусі, Украіне і Польшчы. Але ўжо плануюцца восеньскія выступы. Найбліжэйшы — 9 верасьня ў межах Дня гораду ў Менску на пляцоўцы ля Камароўскага рынку. Неўзабаве будзе прэзэнтаванае новае канцэртнае відэа на адзін з трэкаў з альбому «Plastyka», а таксама прэм’ера новага твору на верш Анатоля Вольнага, запісанага для праекту «(Не)расстраляная паэзія». За навінамі гурту можна сачыць праз афіцыйныя суполкі ў Facebook і «Укантакце».

TuzinFM