Адкрыты прыём заяваў на «Бардаўскую восень — 2017» (+аўдыё пераможцаў розных гадоў)
4944 / 1
23.08.2017

Адкрыты прыём заяваў на «Бардаўскую восень — 2017» (+аўдыё пераможцаў розных гадоў)

Заявы на 24-ы беларускамоўны фэстываль аўтарскай песьні, які праходзіць у Польшчы, прымаюцца да 8 верасьня.

«Гэта самы ўтульны і душэўны фэстываль беларускай музыкі. Кожны канкурсант, музыка, гурт, які пабываў на гэтым фэсьце пацьвердзіць гэта», — заяўляюць арганізатары «Бардаўскай восені». Сёлета ў польскім Бельску Падляскім і Беластоку пройдзе ўжо 24-ы па ліку фэстываль аўтарскай песьні. Адборачны канцэрт заплянаваны ў Менску на 10 верасьня ў клюбе ILI.

Падаць заяву можа кожны выканаўца, як у сольнай якасьці, так і з гуртом. Галоўныя ўмовы — акустычнае гучаньне і беларускамоўны рэпэртуар. Дадатковай умовай зьяўляецца паўналецьце выступоўцаў, што зьвязана з патрэбай афармленьня візы і выезду за мяжу.

Адбор каардынуе Алесь Кот-Зайцаў, вядомы з гурту BosaeSonca. «Гэты фэст у маім жыцьці прысутнічае ўжо больш за 10 гадоў і стаў чымсьці большым, чым проста музычная падзея. Гэта ўжо нешта сямейнае і роднае. Вельмі прыемна прыехаць у Бельск, удыхнуць восеньскага паветра і паслухаць, што зь сябе ўяўляе на сёньня наша аўтарская песьня. Але перад гэтым нас чакае вялікі канцэрт у Менску, дзе будуць адабраныя тыя, хто паедзе на фэст і пазмагаецца за права звацца найлепшым беларускім санграйтэрам», — кажа Алесь.

Каб узяць удзел у менскім адборачным канцэрце «Бардаўскай восені — 2017» трэба даслаць заяўку на мэйл vosien2017@gmail.com. Заяўкі прымаюцца да 8 верасьня ўключна, у яе ўваходзіць анкета канкурсанта, дэма-запіс і фота.

Спампаваць форму заявы (.doc)

Фэст «Бардаўская восень2017» пройдзе ў апошнія выходныя кастрычніка ў Бельску Падляскім у Польшчы.

TuzinFM прапануе паслухаць песьні пераможцаў фэсту «Бардаўская восень» розных гадоў. Сярод запісаў ёсьць сапраўдныя рарытэты, як жывы запіс песьня «Айчына» гурту Kardon з другога фэсту ў 1995 годзе, дзе ён перамог.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • Нагбом / адказаць
    01.09.2017 / 16:53

    "«Гэта самы ўтульны і душэўны фэстываль беларускай музыкі. Кожны канкурсант, музыка, гурт, які пабываў на гэтым фэсце пацвердзіць гэта», – заяўляюць арганізатары «Бардаўскай восені»."
    Самы вялікі мінус гэтага конкурса-гэта адлегласць,не ўсе маюць магчымасць ездзіць у Польшчу,каб паслухаць музыкаў. Наконт самы душэйшы таксама можна паспрачацца,для мяне асабіста Аршанская бітва - гэта самае лепшае,што было з фэстаў,туды мелі магчымасць прыехаць усе незалежна ад матэрыяльнага становішча,спяваць дазвалялась таксама ўсім беларускамоўным,імёны якія там выступалі не саступаюць па вядомасці тым выканаўцам,якія спяваюць на Бардаўская восені.
    Фэст беларуская аўтарскай песні,які праходзіць у Польшчы-гэта нармальна??? Як пераможцам беларускай аўтарскай песні можа быць Relikt?ці я памыляюся,ці гэта не бард,а гурт.
    На Бардаўскай восені павінны выступаць сапраўдныя барды, а не гурты. Першыя фэсты былі самымі лепшымі. Было жаданне ехаць туды,каб паслухаць сапраўды цікавую моладзь.Ну хто зараз можа параўнацца з тым жа Сокалавым-Воюшам, Шалкевічам,Мельнікавым,Камоцкім? Гэта зусім іншы ўзровень.

  • КАМЕНТАВАЦЬ