«Палац»: «Ушанаваць рух ад мінулага да будучыні» (відэа)
3765 / 1
17.12.2013

«Палац»: «Ушанаваць рух ад мінулага да будучыні» (відэа)

Гурт «Палац» запрашае жыхароў сталіцы адзначыць Каляды ў клюбным фармаце. Канцэрт «Каляды ў вялікім горадзе» адбудзецца 6 студзеня 2014 году ў Re:Public.

Сёлета спаўняецца 15 гадоў праекту лідэра гурта « Палац» — «Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам», які летась займеў новую назву і новы фармат. Музычна-тэатралізаваная дзея «Каляды ў вялікім горадзе» цяпер праходзіць у клюбных умовах, а не ў канцэртных залях. Гэтым разам для правядзеньня імпрэзы абраная найвялікшая клюбная пляцоўка Менску — Re:Public.

«Каляды заўсёды сьвяткаваліся людна. Гэта цудадзейная ноч, калі неабходна сабрацца разам і ўшанаваць рух ад мінулага да будучыні. Кожны раз, калі мы ладзім гэту сьвяточную імпрэзу, імкнемся зрабіць гэта аддана, якасна, шчыра. Вельмі задаволены тым, што вечарына прыпадае менавіта на вечар з 6 на 7 студзеня — у сакральны час», — кажа Алег Хаменка.

Адмыслова да каляднага вечара на 6 студзеня гурт «Палац» рыхтуе вялікую сольную праграму — музыкі сыграюць песьні з свайго апошняга альбому «Кола грукатала», свае галоўныя гіты ды ўзгадае рарытэтныя рэчы — тыя кампазыцыі, якія не гучалі больш за 15 гадоў. «Сыгралі на рэпэтыцыі і ажно расчуліліся, такія крутыя творы, якія апынуліся незаслужана забытымі!» — кажа лідэр «Палацу».

Сапраўдную атмасфэру сьвята ў гэты вечар дапамогуць стварыць гурты «Літы Талер», «Ветах» і Guda. Таксама гледачам будзе прадэманстраваны сучасны варыянт традыцыйнага каляднага шэсьця.

Арганізатары «Калядаў у вялікім горадзе» заклікаюць прыходзіць на канцэрт у карнавальных строях. Пэўных патрабаваньняў тут няма — дастаткова проста ўключыць фантазію.

Канцэрт адбываваецца ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзяць партал Tuzin.fm і кампанія «Будзьма беларусамі».

Tuzin.fm

6.01.2014. Каляды ў вялікім горадзе: вялікі сольны канцэрт гурта «Палац». Пры падтрымцы Guda, «Ветах», «Літы Талер». Re:Public, Мінск, вул. Прытыцкага, 62 (ст. м. Кунцаўшчына). 19:00

Квіткі — 80 000 (танцпляц, папярэдне), 100 000 (танцпляц, у дзень), 100 000 (столікі, папярэдне), 120 000 (столікі, у дзень). Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY

Відэа з канцэрту «Каляды ў вялікім горадзе — 2013»

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    17.12.2013 / 12:49

    Для тых, хто хоча імгненна займець квіток на канцэрт - простая спасылка
    http://www.kvitki.by/by/event/18472

  • КАМЕНТАВАЦЬ