«Тузін па справе» ад Дзімы Ску (+аўдыё)
1052 / 0
18.07.2017

«Тузін па справе» ад Дзімы Ску (+аўдыё)

Дызайнэр і музыка Дзіма Ску вылучыў з чарту TuzinFM 12 кампазыцыяў, якія возьмуць удзел у Мэгатуры.

Заўсёды крытычна ставіўся да ўсялякіх конкурсаў і эўрабачаньняў. Можна шчасьліва жыць і без усяго гэтага. Дык вось. Я паслухаў 54 трэкі за месяц. Усё добра, працэс ідзе. Бачу шырокі дыяпазон стыляў: тут табе гіп-гопчык, шансон, ракешнік, блюз, бардаўская песьня, кантры, мэтал, электроншчына, фанчык, поп, нейкі змрачняк і г. д. Усе правільныя складнікі, запісана і сыграна: гітары, бубны, акардэоны, віялянчэлі, цымбалы і што там у вас яшчэ?

Але не чапляе так, каб закінуць у плэйліст і паслухаць зноў. Дзе сьмеласьць і запал? Дзе экспэрымэнт? Асабіста мне не хапае дурасьці і радасьці. Але, як бы там ні было, проста працягвайце рабіць сваю справу: больш рэпэтуйце, запісвайце і грайце жыўцом. І будзе вам шчасьце. Хадзі абдыму.

А цяпер той тузін песень, якія мяне кранулі.

Мэгатур-2017 на TuzinFM. Дызайнэры абіраюць! (+ 54 песьні)

Пасьля словаў

Зачапiлася хмара за комiны над хлебазаводам.

На рамбазе зьвiнела, заходзiлася цыркулярка.

Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар.

За касiлкаю сыпала трэск электрычная зварка…

…натуральна я пачынаю плакаць. Гэта кавэр на «Бонду», словы Глёбуса, выконвае Ганна Крамэр. А я і ня ведаў, вось я лох! Койданава я праяжджаў шмат разоў, калі ехаў электрычкай у Менск, калі пляцкарт быў занадта дарагі для мяне.

«Робін Гуд» ад гурту «. К» — надрыўны, цягучы змрачняк, далоў пазытыў і шчанячы віск.

ili-ili паказалі ў песьні «Апошні зонг», што ўмеюць разгарнуць атмасфэрна драматургію. Тэатральшчына не псуе. Адзін з маіх любімых бел-гуртоў.

А яшчэ адны з маіх улюбёнцаў — Akute, якія таксама трапляюць у выніковы тузін зь песьняю «Калі б я застаўся з табой». 

Гурт «Тутэйшыя» пераклалі на беларускую і зрабілі кавэр на маю ўлюбёную песьню гурту «Без билета».

Лявон дае року! «Гэй» проста абавязана прысутнічаць у выніковым туры. Як і CherryVata зь «Вясною» — гэта прадакшн і шматслойнасьць.

Шызовы бас + слабая доля і ўжо ня так сумна за беларусаў і ўсіх чорных сьвету, дзякуючы «А хто там ідзе» ад «батанікаў».

Поп з чалавечым тварам дэманструе «J:Морс», іх песьня «Блізка» таксама ў маім топе. За тую ж якасьць вылучаю «Бай» ад віцебскага праекту TipToe.

Ёсьць і месца фольку. Правільна і сучасна яго робіць Сяргей Доўгушаў з гуртом Vuraj. Песьня «Ой, лятала» тут не выключэньне. 

Ну а 12-м у мой рэйтынг уваходзіць Nizkiz. Неба небясьпечна.

Дзіма Ску, для TuzinFM

Дзіма Ску — дызайнэр, музыка, паэт. Пра сябе кажа: «робіць афішы». Нарадзіўся і жыве ў Баранавічах з 1983 году. Жанаты, мае двое дзяцей. Скончыў Акадэмію мастацтваў, як тэлеапэратар, але ніколі не працаваў па спэцыяльнасьці. На пачатку 00-х займаўся таксама самвыдатам. Арганізаваў 206 мерапрыемстваў, большасьць зь якіх у родным горадзе, але былі і туры па Беларусі. Запісаў пяць альбомаў сольна і з гуртом «Чтобы-чтобы», адыграў 71 канцэрт (2011—2014).