«Прабач» ад Юліі Глебавай. Пранізьлівасьць кранае (аўдыё)
1366 / 0
08.07.2017

«Прабач» ад Юліі Глебавай. Пранізьлівасьць кранае (аўдыё)

Пераможцам у апошнім у гэтым музычным сэзоне туры аўдыёчарту стала песьня «Прабач» Юліі Глебавай.

506 галасоў набрала па выніках галасаваньня ў 13-м туры кампазыцыя Юліі Глебавай. Сьпявачку навіна пра перамогу засьпела ў Нямеччыне, дзе яна гастралявала са сваім гуртом «Час Speak». Сярод іншага, беларусы ўзялі ўдзел у «Фэстывалі культур» у Бэрліне і «Opernplatzfest» у Франкфурце-на-Майне. «Калі твая песьня недзе перамагае — гэта заўжды прыемна. Бо гэта значыць, што яе паслухалі і камусьці яна прыйшлася даспадобы. Кампазыцыя „Прабач“ вельмi асабiстая i пранiзьлiвая. Цудоўна, калi твае пачуцьцi атрымлiваюць водгук у сэрцах iншых людзей», — сказала сьпявачка ў камэнтары TuzinFM.

Юлія кажа, што яна разам з музыкамі сачыла за галасаваньнем, заклікала падтрымаць песьню сваіх прыхільнікаў і галасавалі самі — галасы ад «Час Speak» атрымалі песьні гуртоў «Палац», Nizkiz, «Варона».

Акром канцэртаў у Нямеччыне гурт Юліі ўпершыню паўдзельнічаў у праекце АНТ «Песьня году», дзе сыграў кампазыцыю «Малюй». Пасьля кароткага адпачынку музыкі зьбіраюцца зладзіць некалькі канцэртаў на Радзіме ды рэалізаваць творчыя задумы, якія зьявіліся падчас знаходжаньня за мяжой.

TuzinFM