Відэазварот беларускіх музыкаў: «Прабіцца праз абыякавасьць і замоўчваньне»
22589 / 0
27.06.2017

Відэазварот беларускіх музыкаў: «Прабіцца праз абыякавасьць і замоўчваньне»

Удзельнікі музычнага праекту «(Не) расстраляная паэзія» запісалі відэазварот, у якім тлумачаць чаму важна зьвярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў.

Akute робяць песьняю верш Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», Dzieciuki напісалі музыку на верш Міхася Чарота «Бунтар», Vinsent абраў для сябе верш «Мэтрапалітэн» Зямы Піваварава, Лявон Вольскі працуе з творам «Ты помніш» Юлія Таўбіна, Аляксандар Памідораў засьпявае «Гультая» Майсея Кульбака… Трэк-ліст праекту «(Не) расстраляная паэзія» гатовы, і пачалася праца ў студыі. Песьні будуць прэзэнтаваныя ў сеціве ўвосень, а 29 кастрычніка ў клюбе «Бруге» пройдзе канцэртная прэм’ера — роўна на 80-я ўгодкі расстрэлу большасьці паэтаў-герояў праекту. «Мы маем цудоўную магчымасьць зрабіць так, каб галасы тых, хто быў бязьлітасна зьнішчаны, загучалі ізноў і набылі новую моц», — кажа ўдзельніца праекту Кацярына Ваданосава, якая рыхтуе песьню на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад».

Праект рэалізуецца дзякуючы падтрымцы слухачоў. На старонцы кампаніі на Talaka.by сабрана 30% неабходных сродкаў. Вырашана працягнуць яе яшчэ на месяц. «Краўдфандынгавая кампанія ідзе досыць няпроста, бо сапраўды цяжка прабіцца праз абыякавасьць і замоўчваньне гэтае тэмы. У большасьці СМІ тэма расстраляных паэтаў лічыцца нечытаемай, а людзі проста ня ведаюць іх імёнаў, бо пра іх ня пішуць і ня кажуць. Ня ведаюць іх твораў, бо іх практычна не перавыдаюць з тых часоў. Тым больш узрастае каштоўнасьць падтрымкі кожнага, хто далучаецца да нашай кампаніі. Бо мы якраз і маем на мэце прабіцца праз абыякавасьць ды распавесьці пра творцаў, якіх пазбавілі жыцьця на пачатку ці на ўзьлёце кар’еры», — кажа кіраўнік праекту «(Не) расстраляная паэзія» Сяргей Будкін.

Акрамя ўласна музычнай часткі, праект мае адукацыйны складнік. На восень плянуецца правядзеньне адкрытых лекцыяў пра беларускую літаратуру 1920—1930-х. У Facebook заснаваныя старонкі кожнага зь літаратараў-герояў праекту, на якіх зьмяшчаюцца іх біяграфіі, фота, вершы, урыўкі з твораў, успаміны пра іх ды іншыя матэрыялы.

Падпісацца на старонкі:

Міхась Чарот

Міхась Зарэцкі

Ізі Харык

Анатоль Вольны

Зяма Півавараў

Валеры Маракоў

Юрка Лявонны

Уладзіслаў Галубок

Тодар Кляшторны

Майсей Кульбак

Юлі Таўбін

Алесь Дудар

Тых, хто падтрымае праект «(Не) расстраляная паэзія» чакаюць запрашальнікі на канцэртную прэм’еру, адмыслова выдадзеныя з гэтай нагоды «маўклівыя кнігі» з выявамі і цытатамі паэтаў ды іншыя падарункі.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ

TuzinFM