«Рэха» гурту Dzieciuki — альбом месяца на TuzinFM
926 / 0
21.06.2017

«Рэха» гурту Dzieciuki — альбом месяца на TuzinFM

У камэнтары пераможцы Алесь Дзянісаў рэспэктуе прыхільнікам, кажа за каго галасаваў сам і паведамляе апошнія навіны каманды.

447 галасоў набрала цягам галасаваньня ў 8-м туры альбомнага чарту праца «Рэха» гурту Dzieciuki, што дазволіла ёй заняць першае месца. Навіна пра перамогу засьпела музыкаў у вэляпадарожжы, у якое яны выпраўляюцца штогод. Сёлета частка музыкаў таксама схадзіла ў байдарачны паход.

«Прыемная і не зусім чаканая перамога, — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. — Раней я лічыў, што ў адрозьненьне ад крытыкаў, звычайныя слухачы больш прахалодна сустрэлі альбом „Рэха“. Цяпер вось бачна, што і простыя людзі падтрымалі. Дзякуй усім, хто за нас прагаласаваў! Але зразумела, што ўсе галасаванкі вельмі суб’ектыўныя рэчы». Сам Алесь галасаваў у альбомным чарце за альбом «Dobrazol» Жэні Кучмейны (.К): «У нашай роднай Горадні даўно не зьяўлялася такіх арыгінальных і незвычайных музыкаў. Хачу, каб у Жэнькі ўсё атрымалася!» — кажа вакаліст «Дзецюкоў». Таксама ён вылучае «Псыхасаматыку» Лявона Вольскага, якую лічыць ці ня самай моцнай працай гэтага музыкі на цяперашні момант. Асабліва другая частка «Лес».

Што тычыць «Дзецюкоў», то апошнія два месяцы гурт узяў перапынак у канцэртах, каб папрацаваць над новымі песьнямі для будучага альбома, які мяркуецца запісаць у студзені 2018 году. Таксама гурт рыхтуецца да запісу песьні «Бунтар» на верш Міхася Чарота для праекту «(Не) расстраляная паэзія» і мае ўжо ідэі нават для чацьвертага студыйніка. «Назапашваюцца розныя песьні: вясёлыя і разьдзяўбайскія ня хочацца аб’ядноўваць з сур’ёзнымі, каб не паўтараць „Гарадзенскі гармідар“. Таму разьвядзем іх на два альбомы», — тлумачыць Алесь.

Пра раварыстаў у гурту ўжо ёсьць песьня «Па гарах». Цяпер будзе вясёлы твор пра водных падарожнікаў пад працоўнай назвай «Вясёлы Роджэр над Котрай».

У ліпені ды жніўні Dzieciuki дадуць некалькі канцэртаў у Польшчы і Ўкраіне. У тым ліку, выступы на польскім фэсьце «Rock Na Bagnie» і на ўкраінскім фэсьце «Тарас Бульба». 8 ліпеня музыкі выступяць у гомельскім бары «Кватэрнік». Падрабязнасьці — у афіцыйнай суполцы каманды.

TuzinFM