Альбом месяца на TuzinFM — дэбютнік ад «Ягоравай Гары» (аўдыё/відэа)
1206 / 0
20.04.2017

Альбом месяца на TuzinFM — дэбютнік ад «Ягоравай Гары» (аўдыё/відэа)

З нагоды перамогі ў альбомным чарце, кіраўнік гомельскага фольк-гурту Ягор Паляшук распавёў куды зьбіраюцца далей рухацца музыкі.

Альбом «Ягоравай Гары» ўпершыню ўдзельнічаў у галасаваньні ў 6-м туры і адразу ж узьняўся на першую прыступку. Музыкі сапраўды хацелі перамагчы, але ўсё адно перамога для іх стала поўнай нечаканасьцю і вялікай прыемнасьцю. «Былі сумневы, што нас ня прымуць: усё ж першы альбом, ды і побач знакамітыя IQ48, Вайцюшкевіч, Вольскі, Akute, Dzieciuki, але нашы прыхільнікі адгукнуліся на заклік падтрымаць. Таму гэта наша ды іхняя перамога!» — кажа лідэр каманды Ягор Паляшук. Сам музыка цікавіцца творчасьцю шмат якіх беларускіх калегаў, асабліва вылучае гурт Re1ikt ды этна-трыё «Троіца», а з сусьветнай музыкі яго апошнім адрыцьцём быў новы альбом брытаца Finka.

«Ягорава Гара» тым часам сканчае працу над сваім другім альбом, які зусім ня будзе падобным да першага. «Ён будзе лірычным і атмасфэрным, акустычным з гучаньня, набліжаны да жывога выкананьня», — распавядае Ягор. Нядаўна выйшаў самотнік з будучага дыску — «Цераз мора» зь вясеньняга карагоду зь вёскі Залесьсе Чачэрскага раёну (з архіву запісаў гомельскай краязнаўчай арганізацыі «Талака»).

Ягор Паляшук кажа, што гурт стаў ягонай асноўнай працаю. «Мне цікава спазнаваць нашу музычную спадчыну і ствараць для традыцыйных беларускіх песень сучасную форму. Для гэтага сёньня ўсё ёсьць. Склаўся склад гурта, я завяршыў камплектацыю музычных інструмэнтаў. Да традыцыйных далучыліся некалькі сучасных сынтэзатараў. Гэта дала магчымасьць выконваць ужывую сучасную танцавальную музыку».

На сваім вялікім сольным канцэрце ў Гомелі ўзімку «Ягорава Гара» паклала пачатак новай зьяве ў сваёй творчасьці. Музыкі зрабілі сцэнічную пастаноўку некалькіх беларускіх абрадаў пад свае песьні. Такім чынам і на далейшых канцэртах плянуецца знаёміць слухачоў з даўнімі традыцыямі.

«Ягорава Гара» паступова прасоўваецца і за мяжу. Пачалі з Санкт-Пецярбургу летась — гамельчукі выступілі на адной сцэне з расейскімі фольк-гуртамі «Иван Купала» і «Бурановские бабушки». Сёлета вядуцца перамовы пра ўдел беларусаў у шэрагу вялікіх міжнародных фэстах.

TuzinFM