Re1ikt: «Мы выпрацоўваем новае гучаньне і новы падыход» (відэа)
1117 / 0
18.04.2017

Re1ikt: «Мы выпрацоўваем новае гучаньне і новы падыход» (відэа)

Гурт неўзабаве зьбіраецца зьдзівіць сваіх прыхільнікаў новым гучаньнем. Пра гэта музыкі заявілі ў камэнтары пераможцы. Відэа на іх песьню «Хадзіла галота» стала кліпам месяца паводле галасаваньня наведнікаў TuzinFM.

Кліп Алесі Лацінскай на песьню «Хадзіла галота» ўжо двойчы быў на вяршыні відэачарту ў 3-м і 4-м туры. Праз тур галасаваньня гэтая праца здолела вярнуць сабе пазыцыю лідэра, набраўшы 161 голас. «Вельмі радыя таму факту, што ў нас атрымалася зрабіць такую песьню, якую людзі падтрымліваюць бяз нашага ўдзелу. Вельмі ўдзячныя здымачнай групе, хай гэта і іх першы больш-менш вялікі праект — атрымалася вельмі душэўна, арганічна і аўтэнтычна. Зычым ім працягу ў гэтай справе!» — заявіў з нагоды перамогі лідэр Re1ikt Алесь Дземідзенка.

Наогул жа, як лічыць Алесь Дземідзенка, які сам неаднойчы здымаў кліпы ды канцэрты, яго апошнім часам радуе паляпшэньне якасьці відэакантэнту ад беларусаў. «Музычнага відэа зьяўляецца ўсё болей і выгляд у яго ўсё прыстойней. Гэта датычыцца як жывых канцэртаў, так і кліпаў. Але што вельмі моцна парадавала ўсіх нас — дык гэта Belsat Music Live. Не адарваць вачэй!» Неўзабаве музыкі прэзэнтуюць мэдыяпрадукт уласнае вытворчасьці — відэвэрсію жывой прэзэнтацыі альбому Kufar.

Цяпер у Re1ikt — чарговы этап у разьвіцьці. Музыкі пачалі працаваць над новым матэрыялам, а разам з тым выпрацоўваць новы падыход да складаньня песьняў і гучаньне, адрознае ад таго, якое было ў папярэдніх альбомах. «Гэта будзе нешта зусім новае і звышцікавае!» — абяцае лідэр Re1ikt. Пачуць гурт жыўцом у найбліжэйшы час можна ў Менску: 1 траўня на «7/8 фэстывалю прагрэсіўнага року і мэталу», а 28 траўня ў ТНТ з канцэртам «Куфар на Біс». 12 траўня гурт дае сольны акустычны выступ у Берасьці (LOFT lounge&bar), а 15 траўня выступіць у магілёўскім «Коле сяброў» у межах праекту «Мова Нанова».

Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота Юліі Шлапковай