Вайцюшкевіч прэзэнтаваў «Варанок» у саўне (аўдыё)
5229 / 2
11.12.2013

Вайцюшкевіч прэзэнтаваў «Варанок» у саўне (аўдыё)

Прэзэнтацыю свайго новага альбому «Варанок» Зьміцер Вайцюшкевіч вырашыў зрабіць у адной зь менскіх саўнаў. Каб падкрэсьліць задушэўнасьць сваёй працы.

Апрануты ў белы гарнітур Вайцюшкевіч сустракае журналістаў з шырачэзнай усьмешкай на вуснах. Ён запрасіў прадстаўнікоў прэсы ў адну зь менскіх саўнаў, набыў шашлыкоў ды піва. «Шчыра казаць, хвалююся, бо даўно прэс-канфэрэнцыяў не даваў, — сьцішаным голасам прызнаецца сьпявак ды тут жа голасна запрашае ўсіх частавацца. — Заўважце, усё бяз спонсараў!»

Новая праграма «Варанок» вырашана ў жанры шансону і запісаны разам з музыкамі WZ-Orkiestra ды Apple Tea. «Ідэя альбому належыць Генадзю Бураўкіну. Спачатку як пачуў, дык мог пакруціць пальцам ля скроні, але тры гады забароны на прафэсію зрабілі сваю справу. Я падумаў, што адужаю такую праграму, хоць прынята лічыць, што песьні такога кшталту мусіць сьпяваць чалавек, які сядзеў. А я таксама меў пакараньне, трапіўшы ў „чорныя сьпісы“. Па-другое, хацелася зрабіць беларускамоўны альбом у такім жанры, раней ніхто ня верыў, што такое магчыма», — распавядае выканаўца. 

Зрэшты, меркаваная праграма «турэмнага шансону» зь цягам часу трансфармавалася. Да альбому «Варанок» цяпер больш пасуе азначэньне «рэстаранны шансон». У дыск ўвайшлі задушэўныя песьні, якія лёгка могуць прыжыцца сярод людзей рознага веку. Разьлік ня толькі на таксістаў — патэнцыйных спажыўцоў такой музыкі, але і на людзей, «якія заходзяць у „Гіпа“ ды могуць працягнуць руку да дыску». Словы да ўсіх песень напісаў Генадзь Бураўкін, акрамя адной, якая належыць аўтарству Ўладзімера Някляева. Яна завецца «Ты — залаты», альбо «Віцебск-2030» — выканаўца верыць, што прынамсі ў гэтым годзе яго творчасьць дазволяць і паклікаюць на «Славянскі базар», да якога твор з прыпевам «Я такі бедны, як той грош медны» пасуе выдатна, на яго меркаваньне.

«На самой справе „Варанок“ — гэта не хі-хі і не ха-ха, а сур’ёзная спроба распавесьці пра чалавека, які апынуўся ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах. Пражыў 40 гадоў і ня ведае як быць далей», — стаў на хвіліну сур’ёзным Вайцюшкевіч і параіў слухаць яго новыя песьні ўсім тым людзям, якія засумаваліся па беларускай песьні. Сьпявак зьбіраецца прадставіць сваю праграму маштабна ў сэнсе геаграфічнага ахопу. Яна ўжо прагучала ў Бэрліне, рыхтуюцца канцэрты ў Маскве, Піцеры, Варшаве, Гданьску, Беластоку і Вільні. «Сімэнс Арэну браць ня будзем, нам хопіць залі на 500 месцаў», — сьціпла дадаў адзін з двух фігурантаў «чорнага сьпісу». Яго найбліжэйшыя «кватэрнікі» ў Менску адбудуцца 12 сьнежня на «Арт-сядзібе» і 17 сьнежня на сядзібе БНФ.

Частку песень з альбому «Варанок» Вайцюшкевіч прадставіў раней у выглядзе самотніка «Шо-шо», выдадзеным пад творчым псэўданімам Хведар Шчавель. У тым ліку і загалоўную.

Набыць дыск (кожны з аўтографам Вайцюшкевіча!) можна праз інтэрнэт-краму Prastora.by

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ:

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    11.12.2013 / 23:36

    Толькі на гэтай прэзэнтацыі канчаткова зразумеў, што Вайцюшкевіч - гэта годны канкурэнт Саладуху. У пляне эпатажа, крэатыва і самалюбства яны нароўне. Але ў пляне таленту Зьміцер безумоўна выйграе.

  • KNIHI.BY / адказаць
    17.04.2014 / 12:12

    Дыск можна замовіць на KNIHI.BY:
    http://knihi.by/muzyka/cd-vajciuskievic-zmicier-i-wz-orkiestra-varanok

  • КАМЕНТАВАЦЬ