Антон Сіманкоў: «Музыка жывіць мову, а мова — музыку»
1277 / 0
06.02.2017

Антон Сіманкоў: «Музыка жывіць мову, а мова — музыку»

Назіральнік месяца на Tuzin.fm, арганізатар фэстаў вулічнай музыкі Антон Сіманкоў пад уражаньнем ад пачутага сабраўся на спэктакль «Матухна Кураж» ды ўмацаваўся ў ідэі зрабіць перасоўны беларускі фэст па краінах Эўропы.

Ведаеце, мне вельмi пашанцавала, што я ведаю такіх выканаўцаў, як Akute, :B:N:, «Палац», Лявон Вольскi, Vuraj, Navi ды іншых. З кожным зь іх у мяне асацыююцца вельмі сьветлыя і добрыя ўспаміны: гэта і каханьне, і радасьць новых знаёмстваў, і нешта асабістае, сакрэтнае. Вельмі рады, што сустрэў іх творы ў чартах на Tuzin.fm.

Akute зь песьняй «Калі б я застаўся з табой». Я люблю гэты тэмбар Стаса. Люблю вершы, якiя пiша Рома — яны ператвараюцца ў шыкоўныя песьнi. Не прапускаю ніводнага новага відэа Вікі — карацей, гэта адзiн з маiх самых улюбёных беларускiх гуртоў.

Хтосьцi кажа, што iх трэкi вельмi сумныя, суіцыдальныя i аднатыпныя, але ў мяне яны выклікаюць толькi прыемнае пачуцьцё. Памятаю, што пачуў гэту песьню на «Пешаходцы» i адразу дадаў у свой плэй-лiст. Шчыра кажучы, яна — адна з маіх самых любімых, разам з «Прамянямі», «Кроў бы вада» і «Бегчы». Чакаю ад Akute новых песень!

Што тычыцца новага альбому, то не магу сказаць, што ён мне ўвесь спадабаўся, але асобнае месца ў маiм сэрцы заняла яшчэ песьня «Крок уперад». «Сусьветны пажар, сусьветны пажар — позiрк твой» — гэта тое, што я адчуваю, калi на мяне глядзiць дзяўчынка, якая мне вельмi падабаецца і, думаю, гэта тое, што адчувае кожны з нас пры поглядзе свайго каханьня.

А вось песьня «Небасхіл» гурту «Сразу Май» мне не спадабалася. І голас вакаліста (прашу не кідаць у мяне камянямі пры сустрэчы). Магу сказаць толькі адно: на густ і колер усё флямастэры розныя. Тое, што ад расейскамоўных песень яны імкнуцца да роднага ужо добра. Я таксама разумею аўтара тэксту: ніколі ня ведаеш, якая муза цябе наведае і ніколі не прадкажаш, на якой мове яна будзе размаўляць:).

Падпiшуся пад кожным словам Pauline у прадстаўленьні песьні «Людзі, дзе вы?». Калісьці даўно зьмей прынёс Адаму і Эве яблык, а ў новым стагодзьдзі ён прынёс нам facebook, linkedin, my space і г. д. Цяпер можна мець усе бібліятэкі і ўсе кнігі сьвету пры сябе, але зьнікла вельмі важная рэч — душэўныя размовы. Мы імітуем нейкія зносіны ў сацыяльных сетках, але адчуваем сябе вельмі самотнымі. Ёсьць кампазыцыя ў Moby «Are You Lost in the World Like Me?» і вось на яе зроблены вельмі круты кліп, які, на мой погляд, выдатна ілюструе сучаснае грамадзтва. Я памятаю як мы труціліся яблыкамі ў двары, як гулялі ў футбол і разьбівалі галовы, локці і калені. А цяпер што? Добра, калі выходзяць на сьвежае паветра пасядзець на лавачцы, уткнуўшыся ў тэлефон. Вельмі сумна мне ад гэтага…

Песьню гурту Zatoczka «Каханьне», як мне здалося, я недзе ўжо чуў да іх. 20 хвілін адмыслова яе шукаў і знайшоў ­ — «Cant Repeat» Оffspring з трубамі «Ляпісаў» зь песьні «Рамонкі». (Так, разумею, што гэта ска-панк i там бяз труб нiяк, але я адразу згадваю Мiхалка). Магчыма, я памыляюся, але на тое i чалавек, каб памыляцца.

Мне спадабалася мэлёдыя, крануў тэкст «Апошняга зонгу» ад ili-ili. Прачытаў, што яны выконваюць яе падчас спэктаклю — гэта вельмi крута, цяпер я абавязкова хачу паглядзець «Матухну Кураж». Свае ўражаньнi я пiсаў некалькi дзён i гэта адзiная (sic!) песьня з чарту, якую я жадаў слухаць i слухаць. Ня ведаю што, але нешта чапляе ў ёй.

Чуў гурт Mission Jupiter на «Месцы пад сонцам» i неяк здарылася так, што быў на iх iмпрэзе ў ТНТ. Вельмi спадзяюся, што яны зрабiлi нешта новае на мове ня дзеля таго, каб прыцягнуць увагу беларускамоўнай часткі публікі, а таму што нешта ўнутры падштурхнула да гэтага. Але мне «Мы вартыя быць» не прыйшлася даспадобы. У кожнага — свае крытэры. У мяне такі — ці дадаў бы ў свой плэер. Гэты твор не дадаў бы.

Упершыню пазнаёміўся з музыкай гурту :B:N: летам і асабліва ня ўразілі, але песьня «Шукай сваё» і яе сэнс перадаюць эмоцыі што да майго цяперашняга становішча: я выпускаюся з ўнівэрсытэту, а наперадзе толькі прорва безвыходнасьці. Раю паслухаць яе кожнаму студэнту, якi яшчэ не абраў свой шлях.

«Палац» i Лявон Вольскi. Спадзяюся, што нашы «кiты» не пакрыўдзяцца за тое, што я іх аб’яднаў у адным кароткім абзацы, але даваць якiя-небудзь парады iм — мавэтон. «Добра песьня» Алега Хаменкі ўносіць мяне кудысьцi ў дзяцінства, калі я прыяжджаў да дзеда на лецішча, а ён мне рабіў мячы з дрэва… А вось я паехаў да хроснага таты ў вёску — «на буракі»: поле з паўтара кілямэтру толькі ў адзін бок (!) і ты ідзеш вырываць пустазельле, а ўзнагарода — хатнія булачкі ды смачнае малако, якое толькі-толькі надаілі. Вельмі прыемныя ўспаміны выклікае гэтая песня, за што асаблівая падзяка яе аўтару.

Такія ж прыемныя пачуцьці выклікае песьня Лявона «Цёплае мінулае» з новага альбому, толькі яна праносіць мяне па ўсім маім маленькім жыцьцi. Вельмi паважаю Лявона Артуравiча, але ня вельмi люблю яго «цяжкiя» песьнi, таму «Гэй» проста не зайшла. Калi слухаю яго гiты ў акустыцы — хочацца плакаць, яны мяне вельмi кранаюць. Ня памятаю дзе i як, але маёй першай у яго была «Простыя словы», а «Абсэнт» гэта любоў да труны.

У кампазыцыі «Ой, лятала» ёсьць усё: Рыгор Барадулiн, Уладзiмер Казлоў i «героi 2016 году» — Vuraj. Што можа быць лепей? Мне сапраўды спадабалася гэтая песьня, наогул песьнi Vuraj маюць нейкую магiю i такую ўнутраную моц. Шкада, што яна пакінула аўдыёчарт.

Што да відэачарту, то ўражаньні ад нашых кліпаў ніякія, таму што не асабліва люблю іх глядзець. Мне больш да сэрца жывыя выступы гуртоў з канцэртаў, таму мне і спадабаліся асобныя моманты зь відэа «Белая вада». Безумоўна, вылучу «Гісторыю майго жыцьця», галасаваў ды заклікаў усіх сваіх сяброў галасаваць у беларускім адборы на «Эўравізію» за Naviband. І шчыра зычу ім перамогі ў Кіеве!

Нібы нешта цiкавае зрабiлi «Без Билета», але мне неяк сьмешна, калi я гляджу іх вiдэа. Часам было несупадзеньне з карцінкай: надта прыгожыя песьні «Хадзiла галота» Re1ikt і «Мацi» Superbullz, але вось кліпы на гэтыя творы ніяк не зайшлі, і ўсё тут.

Я вельмі ганаруся нашымі музыкамі. І тое, што мова жыве і ніколі не памрэ, у тым ліку і іх заслуга. Музыка жывіць мову, а мова — музыку. У нас неверагодная колькасьць крутых і таленавітых музыкаў. Акром тых, хто ўдзельнічае цяпер у чартах на Tuzin.fm назаву яшчэ тых, каго асабліва хоча вылучыць: Палiна Рэспублiка, «Мутнаевока», Nizkiz, Intelligency, Shuma, Nuteki, Neuro Dubel… І я, як арганізатар фэстываляў, iмкнуся зрабiць ўсё магчымае і немагчымае, каб паказаць усю прыгажосьць беларускай мовы і беларускай музыкі. Спадзяюся, калі-небудзь мы зможам зрабіць вялікі фэстываль беларускай музыкі ў розных гарадах Эўропы, а скончым вялiкiм «Сьпеўным сходам» каля Брандэнбурскай брамы.

Антон Сіманкоў, для Tuzin.fm

Даведка Tuzin.fm. Антон Сіманкоў нарадзiўся ў Менску 13 красавiка 1995 году. Вучыўся ў экалягiчнай гiмназii №19, сёлета сканчае БНТУ па спэцыяльнасьці «Тэхнiчнае забесьпячэньне бясьпекi». У 2015 і 2016 годзе быў арганізатарам фэстываля вулічнай музыкі «Месца пад сонцам», улетку 2016 году быў адным з арганізатараў фэсту «Пешаходка».