Ідэоляг Скалабан адкажа за «Дзецюкоў» у судзе
1472 / 0
11.11.2016

Ідэоляг Скалабан адкажа за «Дзецюкоў» у судзе

Tuzin.fm мае абскарджваць рашэньне аб адмове ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня на канцэрт гурту Dzieciuki ў судовым парадку.

На плошчы Незалежнасьці, проста насупраць помніка Леніну, ва ўтульным прасторным кабінэце сядзіць Павал Вітальевіч Скалабан. Ён пастаўлены дзяржаваю на адказную пасаду — пільнуе на нашы грошы ў цэлым горадзе ідэалягічную працу, пытаньні культуры і справы моладзі. Ён вырашае, якія канцэрты арганізатарам рабіць можна, а якія не, якім гуртам дазваляць выходзіць на сцэну, а якім адмаўляць. І ніяк не абысьці Паўла Вітальевіча, правядзеньне мерапрыемства безь яго ведама караецца штрафам.

Зь нейкіх прычынаў вырашыў тав. Скалабан, што гурту Dzieciuki ня месца ў беларускай музычнай прасторы. І даў пісьмовую адмову на заяву аб правядзеньні іх канцэрту ў Менску, які меўся прайсьці ў межах праекту «Жывы Тузін» у студзені 2017 году. Спаслаўся на закон — пункт 5 главы 2 «Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў». У ім напісана наступнае:

«Забараняюцца арганізацыя і правядзеньне мерапрыемстваў:

— якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасьці;

— якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян;

— з парушэньнем патрабаваньняў гэтага Палажэньня і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сфэры аўтарскага права і сумежных правоў».

Ніякіх падмацаваньняў сваёй думкі, абгрунтаваньняў і тлумачэньняў, з чаго гэта ён так вырашыў тав. Скалабан не прывёў, даўшы адно толькі сухую адпіску.

Адмову ў правядзеньні канцэрту гурта Dzieciuki мы лічым незаконнай, бо іх творчасьць не парушае аніводны пункт са згаданага палажэньня. Таму будзем зьвяртацца ў суд. Няхай там галоўны ідэоляг патлумачыць, якімі прынцыпамі ён кіруецца.

Гурт Dzieciuki заснаваны ў 2012 годзе ў Горадні. Сьпяваюць аўтарскія тэксты на гістарычную тэматыку аўтарства Дзяніса Жыгаўца і Алеся Дзянісава. Працуюць у стылі фольк-панку. Выдалі два альбомы — «Гарадзенскі гармідар» (2014) і «Рэха» (2016). Названыя «Гуртом году» на прэміі «Героі году — 2014». Маюць чатыры кліпы, адзін зь іх — на песьню «Сумнае рэгі» быў прысьвечаны ахвярам фашысцкага і бальшавіцкага рэжымаў. Удзельнічалі ў міжнародным трыб’юце The Pogues і праекце «Re:Песьняры», для якога запісалі сваю вэрсію песьні «А хто там ідзе» на словы Янкі Купалы і музыку Сяргея Картэса. Удзельнічалі ў канцэрце з нагоды 80-годзьдзя народнага артыста Беларусі ў дзяржаўнай філярмоніі на яго асабістае запрашэньне. Актыўна гастралююць у Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Славаччыне, Аўстрыі ды іншых эўрапейскіх краінах. 

Яшчэ: Хто такі Павал Скалабан, які забараніў гурт Dzieciuki

Cяргей Будкін, кіраўнік Tuzin.fm, загалоўнае фота з сайту minsk.gov.by